Skip to main content

29 верасня ў Навагрудку можна прыняць шкаплер

484280249 1044237511072961 4019900059323703302 n

29 верасня, у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у парафіі Арханёла Міхала ў Навагрудку можна будзе прыняць шкаплер.

Абрад ускладання шкаплера адбудзецца а 19-й гадзіне, яго здзейсніць пробашч навагрудскай парафіі кс. Юрый Жэгарын, які атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала (міхалітаў).

Шкаплер з’яўляецца выразам і сведчаннем веры, бачным знакам заступніцтва Арханёла Міхала, Князя нябесных войскаў, і даверу яму. Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка, якая спадае на плечы, азначае імкненне быць адданым Божай волі і мець вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца таго, хто носіць шкаплер, павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, што ён імкнецца адмовіцца ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках і ўпэўненасці, што Арханёл Міхал – вялікі заступнік і абаронца.

Нашэнне шкаплера дае верніку наступныя ласкі:

абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону святога Касцёла, часткай якога вернік з’яўляецца;

ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў;

пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры;

энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце;

збаўленне чыстцовых душаў;

атрыманне адпустаў;

ласку добрай смерці.

Шкаплер ні ў якім выпадку не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння не вызваліць чалавека ад розных знешніх і ўнутраных праблем і не гарантуе “аўтаматычнага” збаўлення.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера:

прыняць шкаплер з рук святара па благаслаўленні генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі Арханёла Міхала;

пастаянна насіць шкаплер на сабе;

маліцца штодзённым простым экзарцызмам Папы Льва ХІІІ: “Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн”.

Каб падрыхтавацца да прыняцця шкаплера, неабходна прыступіць да споведзі і быць у стане атрымаць адпуст.
Шкаплер можа прыняць кожны ахвотны незалежна ад месца пражывання (кожны год у Навагрудак для гэтага прыбываюць людзі з розных куткоў Беларусі). Яго могуць прыняць тыя, хто жыве ў несакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), аднак яны павінны мець вялікае жаданне, каб Арханёл Міхал дапамог ім вырашыць гэтую праблему. Няма перашкодаў для прыняцця шкаплера дзецьмі, хоць пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі разумеюць асноўныя праўды веры, – найлепш пасля Першай Камуніі. Шкаплер, бачны знак аховы Арханёла Міхала, можа прыняць уся сям’я, уключаючы тых членаў сям’і, якія ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве.

Тым, хто зацікаўлены ў прыняцці шкаплера, і тым, хто хоча атрымаць дадатковую інфармацыю, звяртацца па тэлефоне:

+375 44 771 99 83 – Марына