Skip to main content

Імша ў інтэнцыі легендарнага святара а. Казіміра Жыліса прайшла ў гродзенскай катэдры

zylis katedra 3219 лютага, у дзень пахавання а. Казіміра Жыліса SJ, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў яго інтэнцыі.

Спачылы езуіт быў пахаваны на Павонзкаўскіх могілках – самым вядомым і старажытным некропалі Варшавы.

Імшу ў гродзенскай катэдры цэлебраваў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары.

У святыні, якая з’яўляецца маці ўсіх касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся шматлікія жыхары горада, каб выказаць Богу ўдзячнасць за гэтага заслужанага святара, які з вялікай адданасцю служыў вернікам.

Удзельнікі малітвы супольна прасілі аб дары вечнага жыцця для а. Жыліса.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі ўзгадаў святарскі шлях спачылага, які быў адданым справе служэння Касцёлу, абароне маральных каштоўнасцяў і правоў вернікаў душпастырам.

Іерарх адзначыў, што жыццё і служэнне айца Жыліса праходзіла спачатку ў яго роднай Літве, затым некалькі гадоў ён служыў у Вінніцы ва Украіне, а ў 1983 г. прыбыў у Беларусь, якая стала для яго другой Айчынай. Тут ён служыў у Індуры, а потым у Гродне, дзе яго добра ведалі не толькі католікі, але таксама і вязні, якія адбывалі пакаранне ў гродзенскай турме і якіх ён наведваў, несучы ім Добрую Навіну.

Па словах арцыбіскупа, у памяці духоўных асобаў, вернікаў і ўсіх, хто яго ведаў, айцец Жыліс застанецца як верны слугa Пана і Касцёла.

“Ён адчыняў і рамантаваў касцёлы і капліцы. Дзе толькі мог, евангелізаваў. Клапаціўся пра пакліканні да святарства і манаскага жыцця. Яго выхаванцам з’яўляецца сённяшні біскуп Юзаф Станеўскі”, – дадаў іерарх.

Ён адзначыў, што ў кс. Казіміра ніколі не было сумнення, як паступаць у складаных жыццёвых сітуацыях, бо белае для яго заставалася белым, а чорнае – чорным.

“Ён не паддаваўся сучасным тэндэнцыям маральнага рэлятывізму і цвёрда стаяў у абарону нязменнага Божага закону, не дапускаючы нават думкі пра яго змену. Яго духоўным Credo было правіла: Біблія нам дадзена, каб змяняць чалавека, а не каб чалавек змяняў яе”, – сказаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што а. Казімір мужна змагаўся за захаванне цывілізацыі жыцця і любові замест цывілізацыі смерці і нянавісці, якая прабівае сабе дарогу, бараніў традыцыйную сям’ю і Божы дар жыцця.

Іерарх дадаў, што спачылы езуіт быў найбольш вядомым і папулярным спаведніком у Гродне, што “ўсім вядомыя яго змаганні і дасягненні ў барацьбе з нашай нацыянальнай бядой – алкагалізмам – і наркаманіяй, якая далучылася да яе”. Ён, па словах арцыбіскупа, адным з першых у нашай краіне працягнуў руку духоўнай дапамогі вязням і быў для іх бясспрэчным аўтарытэтам.

zylis katedra 47

Іерарх адзначыў, што ў савецкія часы пераследу веры, калі а. Казіміру даводзілася распачынаць працу ў Беларусі, “ён быў знакам супраціву, якога ўсімі сіламі атэістычная ўлада хацела выслаць з Беларусi”.

Арцыбіскуп заўважыў, што а. Жыліс, будучы рашучым і нават суровым у справах маральнасці і этыкі, у той жа час заставаўся вельмі сяброўскім і з пачуццём здаровага гумару. “Ён быў адкрыты на ўсіх людзей. Пра яго можна сказаць, што паводле нараджэння быў літоўцам, але паводле паклікання – хрысціянінам”, – дадаў іерарх.

Па яго словах, прыклад жыцця гэтага спачылага святара – запавет усім нам: усё чыніць на хвалу Бога, ніколі не здрадзіць Яму, абвяшчаць і бараніць евангельскія каштоўнасці, у спрыяльных і неспрыяльных абставінах жыцця заставацца сведкамі хрысціянства.

Трэба сапраўды прызнаць, што памерлы айцец Казімір Жыліс быў чалавекам-легендай, які сваім служэннем стаў голасам сумлення і светачам у амаральнай цемры сучаснасці не толькі ў горадзе над Нёманам, але і ва ўсёй Беларусі. Ён назаўсёды застанецца ў сэрцах вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, якія запомняць яго верным слугой Пана, які згарэў, як свечка, жывучы не для сябе, а для іншых.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сялiцкая