Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры,
Дарагія вернікі дыяцэзіі!
Сёння мы перажываем Першую нядзелю Вялікага посту, які з’яўляецца асаблівым часам ласкі і навяртання. У Папяльцовую сераду мы прынялі на галовы попел як знак пакаяння і жалю за грахі, сімвал перамянення зямнога жыцця, нагадванне пра неабходнасць паяднання з Богам і аднаўлення нашага сэрца.
Перад намі сорак дзён духоўнай падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Яны нагадваюць пра сорак дзён, якія Пан Езус правёў у пустыні, перш чым распачаў сваю публічную дзейнасць. Сыну Божаму, безумоўна, патрабаваўся гэты час малітвы і цішыні, самаабмежавання i посту, прабывання сам-насам з Айцом Нябесным і разважання ў сваім сэрцы над Яго словам. Знаходжанне ў пустыні было для Пана Езуса таксама часам выпрабавання, досведам спакушэння шатанам. У гэтым паядынку з шатанам наш Збаўца атрымаў перамогу: не даў сябе ашукаць “бацьку хлусні” (пар. Ян 8, 44), не дазволіў сабой маніпуляваць, не адвярнуўся ад Бога і не засумняваўся ў Яго айцоўскай любові. Рашуча застаючыся з Богам, захоўваючы вернасць Яго слову і не згаджаючыся ні на які кампраміс са злом, Сын Божы не толькі ўпэўнена супрацьстаяў падманным нападам спакусніка, але і выйшаў з гэтага выпрабавання духоўна ўмацаваным, загартаваным, гатовым да канчатковага пераможнага змагання з ворагам праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне.
І хоць пасхальная таямніца Збаўцы – гэта Яго канчатковая перамога над шатанам, мы, вызнаўцы Хрыста, у час нашага зямнога пілігрымавання пастаянна зведваем спакусы і духоўныя засады ворага нашага збаўлення. Не заўсёды мы здольныя разгледзець зло і даць яму паспяховы адпор, не заўсёды ўмеем распазнаць і выбраць сапраўднае дабро, часта з прыкрасцю ўсведамляем уласную слабасць, нясталасць і схільнасць да граху. Таму сёння, на пачатку Вялікага посту, чуем з вуснаў Хрыста той самы заклік, які Ён скіраваў калісьці да жыхароў Галілеі: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15).
Прыйсце Збаўцы ў свет утварае “паўнату часу”, з’яўляецца пачаткам Божага Валадарства, да якога кожны з нас належыць моцай сакрамэнту хросту. Падобна як воды патопу сталі выратаваннем для Ноя і яго сям’і, так у вадзе святога хросту мы былі збаўлены ад вечнай смерці і сталі новым стварэннем – прынятымі дзецьмі Бога.
Гэтая вялікая годнасць абавязвае нас да нястомнага прыняцця, кожны раз нанова, высілку навяртання. Перш за ўсё, нам трэба верыць у Евангелле – у Добрую Навіну пра Бога, “багатага на міласэрнасць” (пар. Эф 2, 4), які “не паслаў Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго” (Ян 3, 17). Мы павінны даверыцца Богу, найбольшае жаданне якога – адорваць нас сваёй міласэрнасцю і прабачэннем і які чакае ад нас, што мы адкрыем нашыя сэрцы, якія прагнуць дабра, на Яго збаўчую любоў. Гэтая бязмежная і безумоўная любоў Нябеснага Айца ўчыніць нас здольнымі станавіцца перад Панам Богам у праўдзе, каб з дапамогай Яго ласкі парваць з грахом, які нас аддаляе ад Бога і бліжніх, і стаць на шлях пакаяння, паяднання і прабачэння, які – хоць цяжкі і патрабавальны – вядзе да паўнаты жыцця і шчасця. Навяртацца – гэта змяняць уласнае мысленне, пастаянна вучыцца “слухацца Бога больш, чым людзей” (пар. Дз 5, 29), дазволіць, каб Яго слова, найвышэйшая і вечная праўда, выхоўвала нашы думкі, жаданні, словы і ўчынкі.
Гэтая вялікая і прыгожая духоўная задача стаіць перад намі ў Вялікі пост, які распачынаецца. Спадзяюся, што кожны з нас пражыве гэты час глыбока і плённа. Няхай пандэмія каранавірусу і звязаныя з ёю абмежаванні не стануць перашкодай у адчуванні асаблівай атмасферы гэтага цудоўнага, вельмі нам патрэбнага часу ласкі. Калі многія з нас па сур’ёзных прычынах карыстаюцца дыспенсай і абмяжоўваюць свой удзел у публічных набажэнствах, няхай сёлетні Вялікі пост стане нагодай адкрыць прыгажосць малітвы ў коле сям’і, у цішыні так званага “хатняга касцёла”. Праводзячы дома разам з блізкімі набажэнства Крыжовага шляху, спяваючы Песні жальбы ці пабожна ўдзельнічаючы ў святой Імшы праз інтэрнэт-трансляцыю, дазволім, каб велікапосны змест закрануў нашы сэрцы, асвяціў думкі і падрыхтаваў нас унутрана да сустрэчы з Хрыстом Уваскрослым. Не будзем забывацца пра тое, каб прыступаць да сакрамэнту паяднання і прымаць святую Камунію. Будзем перажываць велікапосныя дні згодна з хрысціянскай традыцыяй, у цішыні і засяроджанні, у духу малітвы, міласціны і самаабмежавання.
Няхай указальнікам шляху ў велікапоснай вандроўцы будуць нам словы Святога Айца Францішка, які ў сёлетнім Пасланні на Вялікі пост нагадвае пра неабходнасць аднаўлення веры, надзеі і любові.
Вера – падкрэслівае Папа, – гэта адкрыццё сэрца на Праўду, аб’яўленую ў Хрысце, прыняцце Бога ў наша жыццё і дазвол Яму прабываць з намі. Вера заклікае і робіць нас здольнымі быць сведкамі перад Богам і перад нашымі братамі і сёстрамі.
Мець надзею – піша Святы Айцец, – “гэта верыць, што гісторыя не заканчваецца на нашых памылках, на нашым насіллі і несправядлівасці, а таксама на граху, які Любоў прыбівае да крыжа”. Пан Бог ніколі не адмаўляе нам у паяднанні і прабачэнні, каб мы, у сваю чаргу, маглі стаць тымі, хто абвяшчае прабачэнне, і даваць бліжнім надзею.
Любоў – нагадвае Папа Францішак, – гэта дар, які надае сэнс нашаму жыццю; гэта наследванне Хрыста, які адорвае ўвагай і спачуваннем усіх, а асабліва церпячых, пакінутых і змучаных. Толькі любоў здольная ацаніць годнасць кожнага чалавека, і толькі на цывілізацыі любові можна будаваць новы свет, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе выключаным.
Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, глыбокага, прыгожага, шчодрага на духоўныя плёны перажывання Вялікага посту. Няхай для кожнага з вас ён будзе часам навяртання, паяднання з Богам і ўзрастання ў Яго любові.
Запэўніваю вас усіх, дарагія браты і сёстры, у маёй малітве, ад усяго сэрца благаслаўляю і даручаю ваш велікапосны шлях веры клапатлівай апецы Марыі, Маці Міласэрнасці.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, № 13/21
Просім шаноўных святароў прачытаць гэты Пастырскі Ліст замест казання ў I нядзелю Вялікага Посту 21.02.2021 г. падчас усіх Св. Імшаў у касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі