85-годдзе ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB, які з’яўляецца найстарэйшым у нашай краіне салезіянінам, адзначылі 22 студзеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Як адзначаецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, ксёндз Здзіслаў Вэдэр большую частку свайго святарскага жыцця прысвяціў служэнню Божаму народу як місіянер на Усходзе, дзе прымаў удзел у адраджэнні веры пасля 70-і гадоў ваяўнічага атэізму і пераследу Касцёла.
Вернікі смаргонскай парафіі, дзеці і моладзь ведаюць ксяндза Здзіслава як святара з адкрытым сэрцам, які нясе Бога праз сваё сціплае служэнне ў пакоры і сумленнасці.
На святую Імшу падзякі з нагоды яго 85-а дня нараджэння сабралося шмат вернікаў Смаргоншчыны, якім ксёндз Здзіслаў прысвяціў ужо амаль 20 гадоў свайго жыцця.
Павіншаваць свайго найстарэйшага сабрата прыбылі таксама салезіяне з усёй Беларусі на чале з рэгіянальным настаяцелем ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB.
Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленай гаміліі іерарх распавёў гісторыю жыцця ксяндза Здзіслава, напоўненую выпрабаваннямі, барацьбой з атэізмам і глыбокай верай і любоўю да моладзі. Біскуп Аляксандр узгадаў таксама пра свае асабістыя адносіны з ксяндзом Здзіславам і пра тое, які вялікі станоўчы ўплыў ён аказаў на яго выхаванне.
„Няхай дзякуючы Вам, ксёндз Здзіслаў, гэты свет, наш горад, парафія, манаская супольнасць стануць лепшымі, а штодзённае жыццё – больш прыемным і светлым. З юбілеем, з днём нараджэння, наш дарагі ксёндз Здзіслаў!” – такімі словамі завяршыў сваю гамілію біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Пасля ўрачыстай святой Імшы ў адрас юбіляра прагучала шмат словаў віншавання і падзякі.
Быў зачытаны спецыяльны ліст з віншаваннямі ад Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч, віншуючы найстарэйшага салезіяніна ў Беларусі ад імя ўсіх сабратоў, зачытаў таксама ліст ад інспектара Варшаўскай салезіянскай правінцыі ксяндза Тадэвуша Ярэцкага.
Ад імя святароў Смаргонскага дэканату прамовіў ксёндз дэкан Павел Калеснік. Нарэшце, віншаванні ксяндзу Здзіславу выказалі сёстры, салезіяне супрацоўнікі, удзельнікі суполкі ADMA, парафіяльныя групы і моладзь.