6 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін св. Мікалая, біскупа. Для дзяцей гэта першы святы, з якім яны ўсталёўваюць блізкае знаёмства, з ранніх гадоў выказваючы яму вялікую сімпатыю, бо ён прыносіць ім падарункі.
У гэты дзень святы Мікалай завітаў у парафіяльны касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі у Парэччы (дэканат Гродна-Усход). Дзеці атрымалі ад яго падарункі, а таксама былі заахвочаны да таго, каб годным і адпаведным чынам перажыць час Адвэнту, які застаўся да святаў Нараджэння Пана. Акрамя таго, святы Мікалай заклікаў іх выхоўваць у сабе дух ахвярнасці і служэння іншым людзям.
Ад эпохі, у якую жыў святы Мікалай, нас аддзяляе 17 стагоддзяў. Гэта дастаткова доўгі час, бо шмат падзей з жыцця святога былі забытыя. Сёння веды пра яго – гэта сумесь гістарычных фактаў і легенд. Цяжка, аднак, утрымацца ад уражання, што нават у тых аповедах пра яго, якія гучаць фантастычна, ёсць часта праўды.
Святы Мікалай нястомна перадае нам адну заўсёды актуальную ідэю. Ён нагадвае пра важнасць ахвярнасці ў дачыненні да бліжняга. Гэта прыгожа выразіў Папа Ян Павел ІІ, кажучы, што святы Мікалай – “апякун дару чалавека для чалавека”.
Кс. Юрый Марціновіч