28 чэрвеня новапасвячаны прэзбітэр а. Максім Лабкоў з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў сваёй роднай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход).
Святара прывітаў на парозе святыні пробашч кс. Павел Урбан, які затым запрасіў яго скласці на алтары роднай парафіі сваю першую ахвяру святой Імшы.
На Эўхарыстыі сабралася парафіяльная супольнасць, бацькі маладога святара, яго родныя і блізкія. Прысутнічалі таксама айцы рэдэмптарысты.
Сваю першую Імшу ў гэтай парафіі айцец Максім цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто прычыніўся да распазнання ім свайго паклікання да святарства.
Асаблівай малітвай ён агарнуў сваіх бацькоў і блізкіх, якія стварылі ў доме адпаведную атмасферу веры, дзякуючы чаму двое сыноў у сям’і пайшлі за голасам Хрыста. Яго старэйшы брат а. Дзмітрый Лабкоў таксама рэдэмптарыст і з’яўляецца пробашчам гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка). У дзень прыміцыі свайго малодшага брата ён прамовіў гамілію.
На заканчэнне Эўхарыстыі новапрэзбітэр выказаў падзяку ўсім, хто падтрымліваў яго ў цудоўны, але адначасова цяжкі час падрыхтоўкі да святарства.
Ён падзякаваў за добрае выхаванне і каштоўнасці, перададзеныя бацькамі. Усім, з кола якіх ён выйшаў, малады святар падзякаваў за падтрымку, якую пастаянна яму аказвалі. Святарам, якіх сустрэў на сваім шляху, ён выказаў удзячнасць за прыклад служэння і сведчанне прыгажосці паклікання.
Завяршальным акордам літургіі было спецыяльнае благаслаўленне, якое новапрэзбітэр удзяліў сабраным.
Айцец Максім Лабкоў CSsR нарадзіўся 2 жніўня 1988 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 27 чэрвеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка