11 красавіка, у Вялікую суботу, калі вернікі перад гробам Пана адаруюць Хрыста, разважаючы пра Яго Муку, ва ўсіх святынях Гродна адбываецца абрад благаслаўлення страваў на велікодны стол, якія людзі прыносяць у велікодных кошыках.
Благаслаўлёны пасілак вернікі будуць спажываць у велікодную раніцу дома падчас сняданку.
У аздобленых кошыках дамінуе яйка – сімвал новага жыцця. Абавязкова там ёсць таксама ягня з харугвай – знак уваскрослага Хрыста. На харугве змешчаны крыж і надпіс “Аллелюя”, які выражае радасць ад перамогі жыцця над смерцю і пераадолення граху.
Таксама там знаходзіцца соль, напамін аб тым, што мы як вучні Езуса павінны быць “соллю зямлі”. На памяць пра памнажэнне хлеба ў пустыні, якім Езус накарміў сваіх слухачоў, вернікі прыносяць хлеб.
У кошык са свянцонкай кладуць звычайна кавалак шынкі ці каўбасу, як сімвал ягняці, якое ізраільцяне забівалі, каб адзначыць свята Пасхі.
Акрамя таго, там ёсць святочнае печыва, сыр, хрэн, вада, перац.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: vgr.by