Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 3 красавіка неспадзявана адышоў у жыццё вечнае кс. канонік Алег Дуль, пробашч парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску і дзекан дэканату Ваўкавыск.
Днём раней, 2 красавіка, памёр бацька святара Станіслаў Дуль.
5 красавіка, у нядзелю, а 17 гадзіне цела спачылага святара будзе ўнесена ў парафіяльны касцёл Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску.
A 18 гадзіне адбудзецца св. Імша з нешпарамі ў інтэнцыі кс. Алега (на гэтую св. Імшу запрашаюцца святары з Ваўкавыскага дэканата і суседніх дэканатаў па меры магчымасці).
6 красавіка, у панядзелак, у 12 гадзін распачнецца пахавальная св. Імша. Пасля адбудзецца пахаванне пры парафіяльным касцёле.
Кс. Алег нарадзіўся ў 1973 г. у в. Падгалішкі (парафія Забалаць). У 1997 г. скончыў ВДС у Гродне. У 1999 г. атрымаў святарскае пасвечанне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
З 1999 па 2000 гг. служыў вікарыем у Забалаці, адначасова абслугоўваў парафіі ў Начы, Доцішках і Асава. З 2000 г. распачаў святарскую паслугу ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы.
З 2007 года быў пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі і дзеканам дэканату Ваўкавыск.