Skip to main content

Кірмаш “Казюкі” ў гонар св. каралевіча Казіміра прайшоў у Гродне

kaziuki 31 сакавіка ў Гродне на плошчы Леніна, падобна як у некаторых іншых гарадах Еўропы, з’явіліся шматлікія кіёскі з разнастайнымі вырабамі. Паветра напоўніў пах печыва.

Некалькі соцень таленавітых майстроў прыбылі ў Гродна з розных гарадоў і краін на свята рамеснікаў “Казюкі”. Гэты кірмаш стаў ужо традыцыяй, якая працягваецца 20 гадоў, і праводзіцца ў памяць пра святога каралевіча Казіміра – апекуна моладзі, майстроў і рамеснікаў.

Рамеснікі прадставілі эксклюзіўныя працы са скуры, гліны, саломы, металу, шкла і іншых матэрыялаў, выкананыя ў разнастайных тэхніках. Прысутныя мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах.

Падчас “гродзенскіх Казюкоў” не было недахопу таксама ў музыцы і народных прыпеўках.

Традыцыя арганізоўваць гэтае свята ў Гродне нарадзілася невыпадкова. Святы Казімір звязаны з горадам над Нёманам. Менавіта тут ён памёр ва ўзросце 26 гадоў у нядзелю перад узыходам сонца, 4 сакавіка 1484 г., верагодна, ад сухотаў.

Каралевіч з дзяцінства вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю, праводзячы шмат гадзін на малітве. Ён прынёс абяцанне чыстасці, змярцвяў сваё цела пастамі, нашэннем валасяніцы і спаннем на голай зямлі. Асабліва любіў набажэнства да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Маці Божай. Калі ноччу ён знаходзіў касцёл зачыненым, маліўся перад яго дзвярыма.

Казімір, прадстаўлены ў іканаграфіі са скруткам у руцэ, на якім напісаны словы лацінскага гімну Omni die dic Mariae ў гонар Маці Божай, якой каралевіч прысвячаў вялікае набажэнства, з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых. Ён з’яўляецца таксама галоўным апекуном Літвы, дзе ў віленскай катэдры быў пахаваны, і другарадным апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: newgrodno.by