Skip to main content

У Свяцку гарэла старадаўняя капліца

swiack 228 студзеня ў капліцы Божай Міласэрнасці ў вёсцы Свяцк (Сапоцкінскі дэканат) адбылося загаранне. У яго выніку часткова знішчаны прадметы інтэр’еру, падлога на плошчы 6 квадратных метраў, закураны сцены і столь. Найсвяцейшы Сакрамэнт у капліцы не захоўваўся. Ніхто з людзей не пацярпеў.

Капліца 1889 года пабудовы не належыць парафіі, а з’яўляецца часткай палацава-паркавага комплексу Валовічаў, які знаходзіцца ва ўласнасці санаторыя “Азёрны”.

swiack 3

У капліцы, якую вернікі арандуюць, кожную нядзелю цэлебравалі святую Імшу святары, якія прыязджаюць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне. Раз на год у гэтую капліцу хадзіла пілігрымка з Сапоцкіна на адпустовую ўрачыстасць Божай Міласэрнасці.

Капліца пабудавана ў рэтраспектыўна-гатычным стылі. У савецкі час не дзейнічала. Нанова яе асвяцілі 6 жніўня 1996 г.

Палац у Свяцку, каля якога знаходзіцца капліца, быў апошняй рэзідэнцыяй беларускага магнацкага роду Валовічаў, пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Палац пачалі аднаўляць у 2017 годзе, рэканструкцыя працягваецца да сённяшняга часу.

Кс. Юрый Марціновіч