12 кастрычніка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, дзе душпастырства ажыццяўляюць салезіяне, адбылося дзіцячае свята. Нагодай да яго правядзення стаў пачатак душпастырскага года ў араторыі.
У межах святочнай праграмы дзецям растлумачылі, што такое араторый і на чым ён трымаецца.
Аніматары праз гульні і конкурсы дапамаглі ўдзельнікам даведацца пра чатыры “валуны” араторыя, на якіх яго пабудаваў святы Ян Боско. Яны распавялі, што першы з гэтых “валуноў” – дом, “бо араторый – дом для ўсіх, дзе ўсе любімыя і чаканыя”, другі – парафія, “бо араторый вядзе да Бога і жывых адносін з Ім”, трэці – школа, “таму што ў араторыі выхоўваюць быць добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі”, чацвёрты – пляцоўка, “бо араторый – прастора для забаваў, гульняў і шчырай радасці”.
У канцы свята аніматары прадставілі тэатральную пастаноўку, у якой паказалі, як зло ў постаці д’ябла ўвайшло ў свет і як Бог перамог яго з дапамогай Арханёла Міхала.
Ксёндз Алег Каралёў SDB звярнуўся да дзяцей з заключным словам і ўдзяліў благаслаўленне. Пасля малітвы дзяцей чакаў салодкі пачастунак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі