У нядзелю 12 кастрычніка біскуп Гродзенскі здзейсніў у капліцы св. Міхала Арханёла ў Караліне благаслаўленне абразоў Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), св. Яна Хрысціцеля і Арханёла Міхала.
Гэтая капліца адносіцца да парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, мучаніка, у Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад), знаходзіцца на тэрыторыі аграсядзібы “Каралінскі фальварак Тызенгаўза”, пабудавана і асвячана ў 2010 г. Тры абразы, благаслаўленне якіх адбылося ў гэты дзень, знаходзяцца ў галоўным алтары гэтай невялікай, але прыгожай святыні.
Біскупа прывіталі пробашч каробчыцкай парафіі кс. Ян Рушніцкі і гаспадар аграсядзібы Павел Клімук з сям’ёй.
Святую Імшу, на якой быў здзейснены абрад благаслаўлення абразоў, іерарх цэлебраваў у інтэнцыі супольнасці каробчыцкай парафіі на чале з яе пробашчам i за ўсіх яе дабрадзеяў.
У гаміліі біскуп назваў каралінскую капліцу “знакам веры людзей, сведчаннем тых, хто хацеў, каб у гэтым месцы заўсёды гучала малітва і каб Бог быў блізка”, і выказаў падзяку ўсім, хто клапоціцца аб капліцы і наведвае яе.
Тлумачачы літургічнае чытанне, у якім гаворыцца пра аздараўленне Езусам Хрыстом пракажоных, біскуп засяродзіў увагу на наступных момантах. Па-першае, адзначыў ён, “Хрыстус не абмінае нікога, шукае чалавека нават там, дзе чалавечыя вочы ўжо не бачаць надзеі”, – у тым ліку ў выпадку такой хваробы, як праказа.
Наступнае, што заўважыў іерарх, – “аздараўленне адбылося не ў той момант, калі пракажоныя пачулі слова, а ў той, калі паверылі і пайшлі – гэта значыць, што вера адкрывае дзверы цуду, Бог дзейнічае там, дзе ёсць вера, дзе чалавек робіць першы крок даверу”. Акрамя таго, біскуп звярнуў увагу, што з дзесяці аздароўленых толькі адзін вярнуўся, каб падзякаваць Хрысту, прычым гэта быў “чужынец, самаранін, якога юдэі не лічылі прававерным”.
Біскуп вылучыў гэтую дэталь, адзначыўшы: “Бог ніколі не глядзіць на знешнасць, на паходжанне, статус. Ён бачыць сэрца. І менавіта ў сэрцы гэтага самараніна гарэў агонь удзячнасці. Ён разумеў, што атрымаў не толькі здароўе, але і новае жыццё. Бо ён бачыў не толькі цуд, але і дар у цудзе. Ён не абмежаваўся радасцю ад таго, што стаў здаровым. Ён зразумеў, што Езус – не толькі Цудатворца, але і Збаўца”. Іерарх дадаў, што гэтаму чалавеку Езус сказаў: “Твая вера цябе ўратавала”, – такім чынам, “дзевяць атрымалі аздараўленне цела, але толькі адзін – збаўленне душы”. “Бог хоча не толькі таго, каб мы былі здаровыя, але і таго, каб мы былі збаўленыя. А збаўленне прыходзіць праз удзячнае сэрца”, – падкрэсліў біскуп.
“Наколькі часта мы атрымліваем ласкі, але забываемся дзякаваць? Колькі разоў Бог адказаў на нашую малітву, а мы пайшлі далей, нават не ўзняўшы вачэй да неба? – паставіў пытанне іерарх. – Удзячнасць – гэта не проста ветлівасць. Гэта стан душы, у якім чалавек бачыць, што ўсё, што ён мае, – гэта дар. Удзячнасць – гэта не нешта дадатковае. Гэта частка веры. Чалавек, які дзякуе, прызнае: “Бог – крыніца ўсяго, што я маю”. Удзячнасць – гэта малітва, якая не патрабуе слоў. Мы думаем, што трэба доўга маліцца, каб спадабацца Богу. Але часам дастаткова шчыра сказаць: “Дзякуй Табе, Божа!”
Біскуп дадаў, што “лёгка быць удзячным, калі ўсё ідзе добра, але сапраўдная ўдзячнасць нараджаецца менавіта ў цяжкасцях: толькі прайшоўшы праз боль, праз адзіноту, чалавек пачынае разумець каштоўнасць жыцця”. “Нават у моманты цяжкасцяў Бог дзейнічае. І калі мы не зачынім сэрца, калі знойдзем у сабе сілу сказаць: “Дзякуй Табе, Божа, нават за гэты крыж”, – мы будзем падобныя да таго самараніна, які атрымаў збаўленне”, – заўважыў іерарх.
Па яго словах, “чалавек няўдзячны заўсёды будзе незадаволены: яму заўсёды будзе мала, заўсёды будзе нешта не так, а чалавек удзячны бачыць дабро ва ўсім, нават у дробязях: у кавалку хлеба, ва ўсмешцы дзіцяці, у святле ранку, у дажджы, які падае на зямлю”.
Біскуп паўтарыў, што каралінская капліца – жывы знак веры і ўдзячнасці парафіян Богу: “Бо чалавек, які будуе святыню, даглядае яе, прыходзіць сюды маліцца – гэта чалавек, які разумее: “Без Бога я нічога не магу”.
“Беларуская зямля заўсёды была зямлёй удзячных людзей. Мы перажылі шмат выпрабаванняў, але не страцілі веры. Наш народ умее дзякаваць. І таму ён жыве.
Калі ў нашых сем’ях будзе панаваць удзячнасць, там будзе і мір, і любоў, і радасць. Калі бацькі дзякуюць адно аднаму, калі дзеці дзякуюць бацькам, калі ў сям’і гучыць слова “дзякуй”, – тады там жыве Бог. Давайце навучымся зноў гаварыць гэтае слова – проста, шчыра, ад сэрца, – заахвоціў біскуп. – Там, дзе ёсць удзячнасць, – там ёсць Бог. Удзячнасць адкрывае нябёсы”.
Пасля Імшы біскуп меў магчымасць пабачыць аграсядзібу “Каралінскі фальварак”, якая ў турыстычным сэнсе займае важнае месца ў раёне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі