Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа – патранальнае свята Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. 29 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне, дзе сёстры назарэтанкі служаць шмат гадоў, прайшлі галоўныя святкаванні.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Падчас Эўхарыстыі іерарх асабліва маліўся ў інтэнцыі ўсёй супольнасці, каб праз сваё штодзённае служэнне кожная законніца набліжалася да Бога і паказвала іншым людзям шлях да Яго.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ў свята Святой Сям’і ў Касцёле ў Беларусі ўрачыста завяршаеццa пастырскі год, прысвечаны сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі.
Іерарх звярнуў увагу вернікаў на паставу Святой Сям’і, якая можа быць узорам для сучасных сем’яў, каб бацькі і дзеці падтрымлівалі адзін аднаго ў паслухмянасці Евангеллю, якое будзе фундаментам святасці сям’і, і разам размаўлялі і супрацоўнічалі.
Звяртаючыся да сясцёр назарэтанак у іх патранальнае свята, біскуп адзначыў іх вялікі ўклад у справу сям’і, што з’яўляецца харызмай іх супольнасці. Ён нагадаў, што падчас ІІ Сусветнай вайны адзінаццаць назарэтанак аддалі сваё жыццё за ўратаванне членаў сем’яў у Навагрудку.
Біскуп дадаў, што сёння назарэтанкі праз штодзённую працу, малітву і адкрыццё ў 2018 годзе Дома для маці ў цяжкіх жыццёвых абставінах у Гродне таксама бароняць жыццё і клапоцяцца аб тым, каб сучасныя сем’і былі моцныя Богам.
Біскуп заклікаў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх сем’яў дыяцэзіі, каб яны былі адкрытыя на дар новага жыцця і запрашалі Пана Бога ў свае супольнасці.
Падчас Імшы сёстры назарэтанкі аднавілі манаскія абяцанні, каб далей з маладым запалам рэалізаваць свваю харызму, асабліва служыць кожны дзень сем’ям і быць для іх Божым святлом.
“Прашу Цябе, о Божа мой, праз заслугі Пана нашага Езуса Хрыста і дзякуючы Найсвяцейшай Дзеве Марыі і Яе благаслаўлёнаму Абранніку св. Юзафу, каб быў ласкавы прыняць гэтую маю пакорную і поўную ахвяру і даў мне ласку вернасці і трывання ў гэтай Кангрэгацыі ажно да смерці”, – адзначалася падчас аднаўлення абяцанняў.
Карыстаючыся нагодай, біскуп Станеўскі падзякаваў усім назарэтанкам за адданае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх дзякаваў ім за штодзённую працу і самапрысвячэнне, з якім яны рэалізуюць сваё пакліканне.
Радаснае святкаванне завяршылася супольным абедам і спевам калядак у доме назарэтанак. У святочным абедзе ўдзельнічалі таксама сем’і, якія належаць да Асацыяцыi Святой Сям’і з Назарэта пры Кангрэгацыi сясцёр назарэтанак. Асацыяцыя сёлета адзначае 10-годдзе дзейнасці ў нашай краіне.
Кс. Юрый Марціновіч