26 снежня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз сабраліся на сумеснай малітве і аплаткавай сустрэчы ўдзельнікі пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі i валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.
Сустрэча, на якую прыбылі пілігрымы і валанцёры з Гродна і наваколля, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі i арганізатар Дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у сёлетняй пілігрымцы і Дні дзіцяці. Малітвамі агарнулі таксама ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы дапамозе якіх магчыма арганізацыя гэтых мерапрыемстваў, што трывала ўпісаліся ў каляндар Гродзенскай дыяцэзіі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч распавёў пра постаць св. Стэфана, першамучаніка, якога Касцёл успамінае ў другі дзень святаў Божага Нараджэння. Святар адзначыў, што гэты святы, нягледзячы на свой малады ўзрост, зрабіў вельмі шмат для Касцёла і свету, бо быў моцны Богам.
Ксёндз Марціновіч падкрэсліў, што адказам на любоў Бога і Яго міласэрнасць павінна быць у кожным чалавеку пастава св. Стэфана, які прыняў праўду пра збаўленне і не захоўваў яе толькі для сябе, а сведчыў пра яе ўсім жыццём.
“Можа, варта менавіта сёння задаць сабе пытанне: што я зрабіў для свету? што зрабіў для людзей, каб яны сталі крыху лепшыя і мелі ў сабе больш любові і дабра?” – сказаў святар.
Ён заахвоціў удзельнікаў сустрэчы па прыкладзе св. Стэфана заўсёды жыць верай, не саромецца прызнавацца ў прыналежнасці да Езуса Хрыста і быць гатовымі даваць сведчанне пра Яго.
Другая частка сустрэчы прайшла ў дольным касцёле, дзе прысутныя падзяліліся аплаткамі, выказваючы адзін аднаму святочныя віншаванні. Былі ўзгаданы таксама радасныя хвіліны сёлетняга Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які сабраў больш за 2500 дзяцей з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі і прадстаўнікоў іншых дыяцэзій, і пешай пілігрымкі, якая пакінула след у сэрцах яе ўдзельнікаў.
Сустрэча завяршылася гарбатай і інтэграцыйнымі забавамі. Разыходзячыся, удзельнікі абяцалі адзін аднаму, што ў новым годзе ў чарговы раз сустрэнуцца на Дні дзіцяці і ў пілігрымцы, каб такім чынам працягваць добрую справу, якая вучыць адважна сведчыць пра Хрыста.
Ганна Глябовіч
Фота: Віталій Алізаровіч