Skip to main content

Вігілія для бедных адбылася ў Гродне

aplatak bednyja 3219 снежня, напярэдадні святаў Божага Нараджэння, у Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных і бяздомных. На сустрэчы сабралося каля 100 чалавек.

Як і кожны год, свой дом для тых, хто жыве ва ўбостве і нястачы, адчыніла Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі), а прыгатаванне святочных страў падтрымала Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.

Падчас абеду госці “гродзенскага Назарэта” спажывалі грыбны суп, смачны водар якога разносіўся па ўсім доме. Потым у меню былі селядзец, бульба і капуста, а на дэсерт свежая булачка з макам і кампот з сухафруктаў.

aplatak bednyja 40

Ганаровым госцем сустрэчы быў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. доктар Раман Рачко прывітаў усіх прысутных і ўвеў у атмасферу святаў Божага Нараджэння.

Біскуп, звяртаючыся да людзей, якія штодзённа змагаюцца са шматлікімі праблемамі, што для многіх заключаюцца ў адсутнасці даху над галавой, падкрэсліў, што Касцёл заўсёды спяшаецца з дапамогай да такіх людзей і ў кожны момант па меры сваіх магчымасцяў гатовы іх падтрымаць і прыйсці з канкрэтнай духоўнай і матэрыяльнай дапамогай.

Іерарх падкрэсліў, што менавіта такія асобы, якія вельмі часта спіхнуты на абочыну жыцця і адкінуты грамадствам, займаюць асаблівае месца ў сэрцы Святога Айца Францішка, які шмат часу прысвячае якраз ім падчас свайго пантыфікату.

“Кожны чалавек патрабуе любові і цеплыні. І блізкія святы нагадваюць нам праўду пра тое, што да нас прыходзіць Бог як маленькае безабароннае дзіця, каб прытуліць нас да свайго сэрца”, – дадаў біскуп.

Ён пажадаў сабраным мець найперш душэўны супакой і адчуваць, што яны патрэбныя Богу, іншым людзям, Касцёлу і свету.

aplatak bednyja 56

Затым удзельнікі сустрэчы, некаторыя ў скалечаных руках, трымалі белыя аплаткі, дзелячыся імі між сабой. У іх вачах і на тварах, часта са шрамамі на шчоках і галовах, заззяла радасць і іскра надзеі... Надзеі на лепшае заўтра, надзеі на ўласны дах над галавой, на лепшыя жыццёвыя абставіны. Надзеі, што Пан Бог пра іх памятае і, калі клапоціцца нават аб палявых лілеях і птушках, што ў паветры, то, напэўна, паклапоціцца і аб лёсе беднага чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Марцішэўская