18 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбылася аплаткавая сустрэча святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Духоўныя асобы сустрэліся, каб перад святамі Божага Нараджэння выказаць адзін аднаму віншаванні.
У сустрэчы ўдзельнічалі іерархі Гродзенскай дыяцэзіі: ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
У праграме былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткамі і ўзаемнымі віншаваннямі. Ад імя ўсіх святароў і сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні біскупам дыяцэзіі выказаў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар адзначыў, што вігілія, якая набліжаецца, і дзяленне аплаткамі – гэта добры час прабачыць адно аднаму, папрасіць аб прабачэнні і выказаць самыя шчырыя пажаданні.
“Ад гэтага дня так шмат можа залежаць. І, напэўна, нас, святароў і кансэкраваных асобаў, не трэба пераконваць, што Бог благаславіць тых, якія, хоць слабыя і грэшныя, але хочуць жыць па-евангельску і спаўняць у свеце місію абвяшчэння Добрай Навіны аб Езусу Хрысце”, – дадаў кс. Гуляй.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў святарам і сёстрам законным за ахвярнае служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях і за ўсе душпастырскія ініцыятывы.
Ён падкрэсліў, што блізкі час святаў Божага Нараджэння для духоўных асобаў будзе напоўнены шматлікімі абавязкамі, служэннем у сваіх парафіях і сярод людзей, да якіх яны былі пасланы. Таму ён пажадаў ім шмат патрэбных сіл, каб гэтае служэнне выконвалася з вялікай адданасцю і радасцю, каб кожны чалавек мог адчуць сябе заўважаным і патрэбным.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб святы Божага Нараджэння сталі для кожнай духоўнай асобы магчымасцю сустрэчы з Богам, які прыходзіць асабліва ў іншым чалавеку.
“Няхай у гэтым штодзённым служэнні спадарожнічае вам Божае благаслаўленне, каб вы маглі выканаць місію, якая была вам даверана. Няхай вашы сэрцы напаўняе мір і дабро, каб затым вы маглі дзяліцца гэтым багаццем з іншым чалавекам”, – сказаў іерарх.
Потым духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, утвараючы вялікую асаблівую “святарскую сям’ю”, і законныя сёстры дзяліліся аплаткай і выказвалі адно аднаму святочныя віншаванні.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Шчыглінская