18–19 лістапада адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Сустрэча прайшла ў рэкалекцыйным доме пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Ксёндз Ян Сарэла, мадэратар, адказны за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, выступіў на сустрэчы з першай канферэнцыяй на тэму “Святарская чыстасць – крыніца пастырскай любові”. Ён падкрэсліў, што толькі святы святар можа стаць у сённяшнім свеце, які робіцца ўсё больш секулярызаваным, яскравым сведкам Хрыста і Яго Евангелля. Толькі такім чынам, па словах мадэратара, святар можа станавіцца для людзей правадыром і настаўнікам на шляху да святасці, а людзі – асабліва маладыя – чакаюць такога правадыра.
У межах сустрэчы святары выслухалі таксама лекцыі Уладзіслава Валаховіча, доктара тэалогіі, дырэктара дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”.
У лекцыях былі закрануты такія тэмы, як “пагрозы для сям’і ў сучасным свеце і каталіцкі адказ на гэтыя пагрозы”, “вернасць у цэлібаце і сужэнская вернасць”, “тоеснасць мужчыны і жанчыны ў Касцёле ў часы гендарнай рэвалюцыі”. Прысутныя святары актыўна ўключыліся ў дыскусію і на канкрэтных прыкладах супольна шукалі адказы на пытанні.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў важнасць пастаяннай фармацыі свайго сумлення. Ён дадаў, што сучасны свет і людзі, да якіх святар пасланы, хочуць у ім бачыць перш за ўсё спецыяліста па сустрэчы з Богам.
Біскуп адзначыў, што духоўная асоба павінна заўсёды быць у распараджэнні людзей, якія прыходзяць да яе з якойсьці справай, і быць найперш відавочным прыкладам жыцця, згоднага з Божым законам.
Кс. Юрый Марціновіч