5 лістапада пачалася перэгрынацыя фігуры св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат). Святочна распачаты месяц даў гэтай парафіяльнай супольнасці, якая мае сваім апекуном гэтага вялікага заступніка перад Богам, яшчэ адну вельмі значную падзею ў гісторыi мясцовага Касцёла.
Для вернікаў парафіі гэта цэлы тыдзень Божай ласкі, бо на працягу сямі дзён яны трываюць у малітве.
Пра тое, чым з’яўляецца для вернікаў гэтая перэгрынацыя, як яны перажываюць яе і чаго чакаюць, апавядае Рая Мароз, арганістка парафіі.
“Пробашч нашай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскi меў шчасце пабываць у італьянскім Гаргана, у санктуарыі святога Арханёла Міхала. Ён неаднойчы нам распавядаў пра ўбачанае і перажытае падчас пілігрымкi. Хочацца падзякаваць нашым святарам за іх праўдзівую веру, за жаданне далучыць нас да самых значных каштоўнасцяў у сучасным свеце.
Мне асаблівым чынам таксама пашчасціла ў жыцці. Я карэнная парафіянка, ад моманту нараджэння, як пупавінай, я злучана са сваёй святыняй усім сваім жыццём. На маім жыцці гэта другая такая перыгрынацыя.
Першай нашу парафію наведала фігура Маці Божай з Фацімы, у 1995 годзе. Скажу толькі адно. Чвэрць стагоддзя раздзяляе гэтыя падзеі. Перэгрынацыя – гэта сустрэча Божай прысутнасці ў фігуры і веры нашых сэрцаў дзеля збаўлення нашых душаў.
Па-сапраўднаму вельмі цікавым і змястоўным аповедам шаноўны ксёндз Ігар Лашук распавёў нам пра значэнне перэгрынацыі ў дзень яе распачацця. Вельмі цікавай была прамова святара, шматлікія прыклады. Мы ў думках вандравалі з ім, пазнаючы далёкі свет. Побач гучалі натхнёныя малітвы.
Самае важнае, што мы павінны ўсвядоміць ў гэты час – гэта тое, што святы Арханёл Міхал – апякун Беларусі, усёй краіны. Мы молімся за аднаўленне веры на нашай зямлі, за мір і супакой як унутры сем’яў, так і ў супольнасці, дзе знаходзімся, і ў свеце, у якім існуем.
Вельмі важны момант – яшчэ і разуменне таго, што наш апякун з’яўляецца самай важнай асобай, якая дапамагае душам памерлых трапіць у неба. Святы Арханёл Міхал выбаўляе душы з чыстца. Якраз у гэты час у паўсюдным Касцёле трывае перыяд малітваў за душы нашых памерлых. Так зараз злучаны і малітвы ў нашай святыні. Усе ў адно. Гучыць нібы дэвіз: усе разам.
Дзякуй Богу за канікулы для дзяцей і моладзі, за выхадныя дні. Цудоўны час абралі мы. Невыпадкова... Час роздуму над сэнсам жыцця, над нашымі каштоўнасцямі. Дзякуючы навукам ксяндза Анатоля мы ўдасканальваем свае сэрцы. Мы атрымалі яшчэ адны рэкалекцыі... Непланаваныя, але вельмі вымоўныя, калі сам Дух Святы вядзе нашы думкі, кіруе абставінамі жыцця.
Запрашаем далучацца ўсіх людзей добрай волі. Гарніцеся сэрцам да веры. Майце надзею ў душы на збаўленне. Нясіце промні Божай любові ў свет.
Не магу знайсці словы, каб апісаць тое, што перажывае сэрца ў святыні побач з гэтай фігурай.
З верай неба расчыніла нам свае дзверы. На нас сыходзіць цэлае мора Божай ласкі. Гэта добры знак новага часу”.