Што такое святасць? Гэта не толькі смутак і ўкленчванне ў касцёле, але, найперш, вернасць Богу ў штодзённым жыцці, якая можа быць і вясёлай. Таму перад урачыстасцю Усіх Святых у гродзенскай парафіі Духа Святога (Альшанка) адбыўся баль Усіх Святых.
Самыя малодшыя парафіяне і моладзь сабраліся ў парафіяльнай капліцы, апранутыя ў касцюмы святых, якіх Каталіцкі Касцёл успамінае на працягу літургічнага года.
Кожны святы пазнаёміў прысутных са сваёй духоўнай біяграфіяй і шляхам да святасці. Такім чынам, дзеці даведаліся пра жыццярысы св. Ядвігі, св. Максімільяна Кольбэ, св. Яна Паўла ІІ, св. Агаты, св. Бакіты і шмат іншых.
Каб распачаць баль, традыцыйна ўсе святыя былі запрошаныя да ўрачыстага паланэзу. Пасля дзеці маглі пазнаёміцца індывідуальна з некаторымі святымі, якія прапанавалі цікавыя конкурсы і забавы. Напрыклад, св. Антоні запрашаў разам з ім адшукаць згубленыя рэчы, са св. Пятром дзеці лавілі рыбу, са св. Ядвігай будавалі касцёлы з канструктара “Lego”, са св. Цэцыліяй развучвалі спевы, са св. Тэрэзай з Калькуты кармілі адзін аднаго ежай, са св. Дамінікам Савіо гулялі ў мяч.
Каб падкрэсліць, што святасць – гэта радасць, даступная для кожнага чалавека ў штодзённым жыцці, усе святыя прынялі ўдзел у вясёлых танцах, атрымалі цікавыя падарункі і падмацавалі свае целы салодкім пачастункам.
Кс. Андрэй Белаблоцкі