19–20 кастрычніка ў мястэчку Гудагай (Астравецкі дэканат) пад кіраўніцтвам сясцёр змёртвыхпаўстанак адбылася малітоўная сустрэча дзяўчат і жанчын пад назвай “Марыя, такая як Ты”.
Заснавальніца супольнасці сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста – благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая, якая звязана з гродзенскай зямлёй, дзе рэалізавала ранейшае пакліканне жонкі і маці. Потым, будучы законніцай, яна таксама ахвотна прыязджала ў Абрэмшчыну каля Гродна. Яе сувязь з гэтай зямлёй працягвалася 60 гадоў, да яе смерці.
Падчас сустрэчы, абапіраючыся на фрагмент Евангелля пра звеставанне, разважалі пра прыгажосць і жаноцкасць. Тэма жаноцкасці ў нас час вельмі актуальная.
“У сучаснай жанчыны вельмі шмат сацыяльных роляў, цяжка знайсці нават гадзіну для сваіх асабістых заняткаў, не кажучы ўжо пра глыбокую малітву. Але без гэтага перапынку, без гэтых хвілін для Бога і сябе жанчына (увогуле кожны чалавек) губляе сваю ідэнтычнасць, губляе сувязь з Панам.
Таму такая форма духоўнага ўікэнду вельмі патрэбна. Асаблівую ўвагу на сустрэчы здабыла тэма жаночай годнасці і каштоўнасці. У жанчын, якія сабраліся, каб разам правесці час з Марыяй, было шмат пытанняў, на якія яны падчас Імшы, адарацыі, канферэнцый намагаліся знайсці адказы. Было бачна, якая ўнутраная духоўная праца была ў кожнай з нас”, – дзеліцца адна з удзельніц.
“Вельмі каштоўным было для мяне паглядзець на прыгажосць жанчыны ў цішыні і прыгажосці навакольнага асяроддзя, у супольнай малітве. Вельмі часта пачуць голас Бога перашкаджае сацыяльны шум вялікіх гарадоў, а менавіта тут, у Гудагаі, як бы нехта выключыў сацыяльнае “радыё” і загучала сімфонія Святога Пісання”, – падкрэслівае іншая з удзельніц.
Кожная жанчына на сустрэчы магла нанова ўсвядоміць, што Пан Бог пра яе марыў адвеку, насіў яе вобраз, а ў момант стварэння ўдыхнуў праз пацалунак жыццё. Гэты час малітвы быў часам, калі кожная магла зразумець, што жанчына – гэта гармонія, паэзія, прыгажосць, а таксама таямніца.
С. Марыя Пія CR