16 кастрычніка прыпала 70-годдзе з часу сакрамэнту хросту сённяшняга біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Роўна 70 гадоў таму бацькі будучага іерарха Юзаф і Марыя прынеслі ў парафіяльную святыню Унебаўшэсця Пана ў Эйшышках (Літва) сваё дзіця, каб ахрысціць.
З нагоды гэтай памятнай гадавіны пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў Імшу падзякі ў сваёй роднай парафіі, атачыўшы малітвамі ўсіх, хто стаяў ля пачаткаў яго жыцця і прычыніўся да яго сталення.
У святыні прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў Салечніцкага раёна, духавенства, шматлікія вернікі, землякі іерарха.
Звяртаючыся да сабраных, біскуп адзначыў, што менавіта ў гэтым касцёле пачалася яго прыгода з Богам. Ён падкрэсліў, што праз прыняцце сакрамэнту хросту чалавек становіцца Божым дзіцяткам і ўключаецца ў сям’ю, якая называецца святым паўсюдным Касцёлам.
Біскуп дадаў, што ў святыні ў Эйшышках ён не толькі быў ахрышчаны, але і цэлебраваў сваю першую Імшу, якая называецца прыміцыйнай, у 1976 г., на якой сабралося вельмі шмат людзей. Тады ў яго было з сабой 12 тысяч памятных абразкоў, якія былі раздадзены прысутным.
Іерарх выказаў удзячнасць усім сабраным за гэтую малітоўную сустрэчу, якая сапраўды стала для яго вялікім сюрпрызам. Ён меў у сэрцы вялікае жаданне цэлебраваць у гэты дзень Імшу падзякі ў гэтым месцы, дзе ўсё пачалося, каб падзякаваць за сваіх бацькоў і блізкіх, парафіян, дар жыцця і хрост, думаючы, што гэта пройдзе сціпла, а выйшла так, што землякі падрыхтавалі яму сапраўдную ўрачыстасць.
У гэты дзень у касцёле ў Эйшышках былі малітва, шмат віншаванняў, канцэрт хору і вялікая колькасць прыемных успамінаў, якія выклікалі ў сэрцы пастыра Гродзенскай дыяцэзіі настальгію і памяць пра гады дзяцінства, родны дом.
Вернікі Віленшчыны выказалі іерарху вялікую ўдзячнасць і павагу, падкрэсліўшы, што біскуп Кашкевіч з’яўляецца таксама іх біскупам, чым яны бязмерна ганарацца.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: zw.lt