Skip to main content

У Лідскім раёне аднаўляюць старыя каталіцкія могілкі, на чарзе – капліца, якая не выкарыстоўваецца

dwaryszcza 5Усталяваную каля аграгарадка Дварышча Лідскага раёна фігуру Езуса Хрыста ведаюць не толькі мясцовыя жыхары.

Ля фігуры штогод спыняюцца з малітвай сотні пілігрымаў, якія ідуць ушанаваць цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай. Між сабой вернікі нават празвалі гэтае месца “Гарой прабачэння”. У апошні час яно знаходзілася ў не вельмі прыгожым стане: напаўразбураная каменная агароджа, кустоўе, якое разраслося па яе перыметры.

dwaryszcza 3

Як паведамляе "Лідская газета", некалькі месяцаў таму тут пачаліся працы па добраўпарадкаванні. Ініцыятыва належыць кусташу санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. доктару Юрыю Бяганскаму.

“Гэта святое месца, да яго трэба ставіцца з павагай. У 1800-я гады тут стаяў касцёл Маці Божай Ружанцовай, які пасля быў разбураны. Напамінам пра існаванне тут святыні служаць старыя каталіцкія могілкі, усталяваная потым фігура Езуса Хрыста”, - кажа святар.

Ксёндз Бяганскі адзначае, што фігура Збаўцы знаходзіцца яшчэ ў больш-менш нядрэнным стане, усё астатняе патрабуе добраўпарадкавання. Асабліва могілкі, дзе асобныя пахаванні датуюцца XVII стагоддзем.

dwaryszcza 2

“Зразумела, што пад уздзеяннем часу многія надмагіллі ўраслі ў зямлю, помнікі нахіліліся або зусім упалі, да таго ж магілы літаральна паглынулі дрэвы і кустоўе. Канешне, сітуацыя патрабавала ўмяшальніцтва”, - дадае святар.

Ён звярнуўся да старшыні Дварышчанскага сельсавета Ніны Зуенка з прапановай навесці тут парадак. Старшыня ініцыятыву не толькі падтрымала, але і аказала садзеянне.

Рамонтна-будаўнічыя працы пачаліся ў сакавіку. Яны вядуцца сіламі мясцовых вернікаў, дармовую дапамогу аказваюць спонсары.

“За гэты час мы змаглі выдаліць дрэвы, выразаць кустоўе, аднавіць разбураную каменную агароджу”, - пракаментавала старшыня Дварышчанскага сельсавета.

Гэты праект доўгатэрміновы. Завяршыць яго хочуць да лета 2020 г. Па словах кс. Юрыя Бяганскага, усе помнікі на старых каталіцкіх могілках будуць падняты і нанова ўстаноўлены. Надмагіллі пачысцяць, надпісы на іх асвяжаць фарбай. “Гару прабачэння” засеюць новым газонам, па перыметры агароджы пасадзяць туі.

“У планах адрэстаўраваць і саму фігуру Езуса Хрыста, у прыватнасці, зашкліць яе. Але апошняе будзе залежаць, канешне, ад наяўнасці сродкаў”, - кажа святар.

dwaryszcza 1

На днях Лідскі райвыканкам перадаў на дармовай аснове тракельскай парафіі капліцу ў вёсцы Марысева Дварышчанскага сельсавета. Вядома, што яна была пабудавана ў 90-я гады. Аднак узведзены былі толькі сцены, унутраная адробка не вялася.

“У нашай парафіі захоўваецца нават праект, якой гэтая святыня павінна быць. Чаму будаўніцтва было прыпынена, не ведаю. Але мы хочам удыхнуць у капліцу жыццё, праводзіць тут набажэнствы, збірацца на каталіцкія святы і ўрачыстасці. Упэўнены, з Божай дапамогай усё атрымаецца”, - адзначае кс. Бяганскі.

Калі святыня будзе цалкам адрэстаўравана, яе плануецца асвяціць пад тытулам Маці Божай Ружанцовай.