Skip to main content

Адбылася кананічная візітацыя парафій у Каменцы і Дзембраве

kamenka 388 кастрычніка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі здзейсніў кананічную візітацыю парафій Св. Антонія Падуанскага ў Каменцы і Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве.

Сваё прабыванне ў парафіях іерарх пачаў з наведвання музея імя Элізы Ажэшка ў в. Мількаўшчына. З гэтай мясцовасці паходзяць бацькі пісьменніцы і там яна нарадзілася. Школу зачынілі 6 гадоў таму, і настаўніца зрабіла там музей. Біскуп завітаў у гэты музей невыпадкова, бо раз у месяц ён становіцца месцам малітвы: пробашч кс. Андрэй Кеўлюк цэлебруе там Імшу для парафіян.

Затым іерарх сустрэўся з кіраўніцтвам дзембраўскага калгаса і наведаў дзембраўскі лясгас.

Важным момантам візітацыі быў візіт у Каменскі дзіцячы сад – сярэднюю школу. Таксама адбылася сустрэча з працаўнікамі мясцовай амбулаторыі.

У Гадзіну міласэрнасці біскуп наведаў Дом міласэрнасці, якім апякуецца Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Там, дзе знаходзяць свой дом шмат пажылых і хворых людзей, закранутых невылечнымі хваробамі ці інваліднасцю, ён разам з жыхарамі памаліўся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Кульмінацыяй візітацыі былі Імшы, якія цэлебраваліся як у адной, так і ў другой парафіі і на якіх сабраліся шматлікія вернікі. У Дзембраве біскуп благаславіў новыя стацыі Крыжовага шляху ў святыні. У Каменцы перад пачаткам літургіі ён благаславіў новы прыдарожны крыж.

Падчас сустрэч з вернікамі іерарх заахвоціў працягваць верна трываць з Езусам Хрыстом і ісці за Яго словам. Таксама ён падзякаваў мясцоваму душпастыру кс. Андрэю Кеўлюку за вялікі клопат аб парафіяльных супольнасцях у Каменцы і Дзембраве.

Кс. Юрый Марціновіч