2 кастрычніка, у літургічны ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кананічную візітацыю парафіі Св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Ляцку (Шчучынскі дэканат).
Візітацыя пачалася з наведвання вясковай хаты ў Калечыцах, якая была прыстасавана пад сціплую капліцу. Невялікая група вернікаў – жанчыны і адзін мужчына – прывіталі свайго пастыра, памаліліся разам дзясятку Ружанца, агарнулі малітвамі ў гэтым месяцы, прысвечаным Маці Божай, усіх пажылых, хворых, закранутым цярпеннем людзей.
Затым біскуп наведаў вёску Амбілеўцы, дзе сустрэўся з вернікамі ў капліцы Узвышэння Святога Крыжа, пабудаванай і асвечанай у 2002 г.
Вельмі важным пунктам праграмы візітацыі было наведванне Шчучынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Красная на тэрыторыі парафіі ў Ляцку. У доме-інтэрнаце знаходзяцца на пастаянным або часовым, у тым ліку кароткатэрміновым пражыванні каля 300 чалавек.
Біскуп сустрэўся з кіраўніцтвам і жыхарамі дома-інтэрната. Жыхарам ён адрасаваў словы падтрымкі, а кіраўніцтву – удзячнасці за адданае служэнне нашаму грамадству.
Яшчэ адным пунктам візітацыі была сустрэча з вернікамі ля новага крыжа ў Еўлашах. Новы прыгожы крыж, які благаславіў біскуп, быў устаноўлены дзякуючы мясцовым вернікам і з’яўляецца для іх вельмі важным знакам. Падчас сустрэчы іерарх падзякаваў ім за любоў да Касцёла і захаванне хрысціянскіх традыцый і заахвоціў, каб гэтае месца заставалася для іх месцам сустрэч падчас маёвых, чэрвеньскіх набажэнстваў і супольнай ружанцовай малітвы ў кастрычніку.
На заканчэнне біскуп цэлебраваў Імшу ў парафіяльнай святыні ў Ляцку. Пробашч кс. Уладзімір Аксенцьеў, які ўжо год атачае пастырскай апекай гэтую супольнасць, пазнаёміў іерарха з гісторыяй мясцовага касцёла і актуальнымі справамі, якія рэалізуюцца ў парафіі.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп адзначыў важнасць малітвы ў жыцці кожнага, падкрэсліўшы, што асабліва ў кастрычніку трэба маліцца на ружанцы. Ён дадаў, што яго жаданне – каб у кожнай сям’і вернікі маліліся Ружанец цэлымі сем’ямі.
Біскуп падзякаваў парафіянам за вернасць Богу і Касцёлу, за тое, што, нягледзячы на розныя цяжкасці, яны трываюць у веры і хочуць будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях сённяшні і заўтрашні дзень. Ён падзякаваў таксама пробашчу, які з вялікай адданасцю служыць гэтай супольнасці.
На заканчэнне біскуп удзяліў вернікам пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч