27 верасня група вернікаў з розных парафій Віленшчыны ў Літве прыбыла з турыстычнай мэтай у Гродна. Прабыванне ў горадзе над Нёманам яны пачалі з сустрэчы са сваім земляком – біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Іерарх сустрэўся з групай у біскупскай курыі, распавёўшы пілігрымам гісторыю Гродзенскай дыяцэзіі і горада Гродна.
Пілігрымы прыехалі з віншаваннямі з нагоды юбілею 70-годдзя, які нядаўна адзначыў біскуп. Разам з пажаданнямі яны прывезлі прывітанні з родных мясцін іерарха. Сярод вернікаў былі сужэнцы, шлюб якіх у 1984 г. благаславіў кс. Аляксандр Кашкевіч у парафіі Святога Духа ў Вільні. Тады ў падарунак ад святара, сённяшняга біскупа, яны атрымалі маленькі драўляны крыжык. Яны прывезлі паказаць гэты крыжык, падкрэсліўшы, што іх сужэнства трывалае дзякуючы веры і любові да Бога.
Выказваючы ўдзячнасць за памяць, малітву і віншаванні, біскуп уручыў кожнаму з пілігрымаў альбом “Каталіцкія святыні Гродна”, выдадзены некалькі дзён таму выдавецтвам “Pro Christo” ў Мінску. У альбоме змешчана гісторыя гродзенскіх святыняў на трох мовах (беларуская, польская, англійская), а таксама прыгожыя здымкі старадаўніх і сучасных касцёлаў горада.
Затым у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя іерарх узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі літоўскіх пілігрымаў, атачыўшы малітвай іх сем’і і парафіяльныя супольнасці. Да малітвы далучылася група вернікаў з польскай парафіі Маці Божай Фацімскай у Цэхануве, якая таксама прыбыла ў Гродна з турыстычнай мэтай.
Біскуп выказаў падзяку пілігрымам за вялікую цікавасць да нашага горада і заахвоціў яшчэ не раз вяртацца сюды і заклікаць прыязджаць іншых.
Затым літоўцы адправіліся знаёміцца з каралеўскім горадам Гродна, наведваючы святыні і іншыя гістарычныя аб’екты.
Kс. Юрый Марціновіч