Skip to main content

Парафіяльны адпуст і канфірмацыя адбыліся ў Белагрудзе

belogruda 3322 верасня ў парафіі ў Белагрудзе (Лідскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Міхала Арханёла, галоўнага апекуна, і сакрамэнт канфірмацыі. Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся з дапамогай святых місій, якія праводзіў а. Андрэй Агель SP.

Як паведамляе catholic.by, урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На ўрачыстасць сабраліся шматлікія вернікі, госці і амаль усе святары вялікага і дружнага Лідскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупскім вікарыем кс. канонікам Уладзімірам Гуляем і кс. дэканам Андрэем Роўбам CRL.

Пры дзвярах прыгожай неагатычнай белагрудскай святыні, што ўзносіць свае стромкія вежы над маляўнічаю рэчкаю Дзітвою, біскупа сустрэлі шматгадовы пробашч парафіі кс. Рычард Перчак, духавенства і вернікі.

belogruda 37

На пачатку Эўхарыстыі пробашч узгадаў, як упершыню ўбачыў святыню ў Белагрудзе, занядбаную ў савецкія часы змагання з рэлігіяй. Касцёл у зарасніках кустоўя, насупраць — дом з выбітымі шыбамі і плябанія, зарослая высокімі каноплямі… Першае жаданне было ўсё кінуць і пешкі вяртацца дадому. Аднак з дапамогаю Бога і ахвярных мясцовых вернікаў за гады руплівай працы ўдалося адрадзіць святыню, вярнуць ёй першапачатковую прыгажосць і згуртаваць вакол яе Касцёл, складзены не з цэглы, а з жывых людзей, сапраўдную парафіяльную сям’ю.

Падчас Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 47 мясцовым вернікам, сярод якіх былі і чатыры браты-блізняты. Непадобныя знешне, яны аднолькава руплівыя ў служэнні пры алтары ў якасці міністрантаў разам са сваім старэйшым братам-студэнтам, які стаў для іх сведкам канфірмацыі.

Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй і благаслаўленнем адноўленага місійнага крыжа.