Skip to main content

Няхай поўная ласкі заступаецца за нас: адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў Капцёўку

pl kapceuka 61Tрадыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбылася пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы.

Сёлетняя пілігрымка вырушыла раніцай 15 верасня з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі). Пілігрымам на дарогу ўдзяліў пастырскае благаслаўленне дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Дзяцей і моладзь суправаджалі бацькі. Часта ішлі цэлымі сем’ямі. Усе пілігрымы неслі да трону Маці свае інтэнцыі і просьбы. Многія прасілі Бога праз Марыю аб тым, каб дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе. Некаторыя дзеці маліліся, каб найлепш падрыхтавацца да прыняцця Першай Камуніі.

Ішлі да Маці Божай і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія таксама прасілі аб Божым благаслаўленні ў новым навучальным годзе і давяралі ўсе свае патрэбы сэрца.

pl kapceuka 73

Для многіх гэтая пілігрымка, якая пачынаецца вераснёвым, часта халодным ранкам і працягваецца толькі некалькі гадзін, у якой трэба пераадолець больш за 15 км, стала добрай традыцыяй. Гэта iнтэнсіўны час малітвы, падзякі, просьбы і праслаўлення, дзе сяброўства паходзіць ад Бога паміж дзецьмі і моладдзю з розных парафій Гродна.

Падчас малітвы на ружанцы ўзносіліся да Езуса праз Марыю просьбы аб благаслаўленні для сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі, аб дапамозе ў вучобе, асаблівым чынам маліліся за студэнтаў, каб яны былі моцнымі падчас спакусаў сучаснага свету і памяталі, што фундаментам з'яўляецца наша вера.

Сястра Дарота Белагрывая, якая катэхізуе ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец), адзначае: “Час супольнай пiлігрымкі вучыць нас узаемнай малітве адзін за аднаго ў выхаваўчай працы, дзе дзеці моляцца за настаўнікаў і катэхетаў, а выхавацелі свае просьбы скіроўваюць за маладое пакаленне, якое вучыцца і пазнае новую дарогу свайго жыцця”.

Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе ім дзверы святыні і дома пілігрыма.

Вітаючы вернікаў, кусташ заклікаў даверыць усё сваё жыццё – сённяшні і заўтрашні дзень – Пану Богу, які заўсёды з’яўляецца крыніцай усялякага дабра.

Трэба спадзявацца, што духоўны час супольнага маршу дзяцей, моладзі, студэнтаў, настаўнікаў, законных сясцёр і святароў на пачатак навучальнага і катэхетычнага года ў санктуарый у Капцёўцы з просьбай да Марыі Яснагурскай аб дапамозе прынясе благаслаўлёныя плёны ў жыцці ўсіх.

Aндрэй Юхнік, кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч