14 верасня ў парафіі ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа. Ужо традыцыйна гэты дзень меў характар сямейны, панавала добрая і ўтульная атмасфера.
На ўрачыстасць прыбылі не толькі парафіяне, але і сябры парафіі з Бярозаўкі, Іўя, Навагрудка і нават з Расіі. Прысутнічалі не толькі католікі, але і праваслаўныя.
Святкаванне пачалося святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч парафіі ў Наваельні кс. Павел Барысевіч у гаміліі пробашч парафіі ў Бярозаўцы кс. Андрэй Радзевіч нагадаў гісторыю Святога Крыжа, пашаны да знаку крыжа, традыцыі яго ўшавання.
Святар адзначыў, што крыж – гэта не модны знак, а знак жыцця Езуса за нас, любові Бога.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Віталій Цыбульскі падзякаваў за супольную малітву і ўшанаванне знаку крыжа ў сем’ях вернікаў.
Вянцом урачыстасці стала выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і працэсія вакол касцёла. Пасля ўсе прысутныя былі запрошаны ў кавярню на пачастунак.
Кс. Юрый Марціновіч