Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
У найбліжэйшую сераду, 18 верасня, у літургіі Касцёла мы будзем адзначаць успамін св. Станіслава Косткі, законніка. Яго зямное жыццё было вельмі кароткім – Пан Бог паклікаў яго да вечнасці, калі яму было няпоўных 18 гадоў. Нягледзячы на такі малады ўзрост, Станіслаў адзначаўся надзвычайнай духоўнай сталасцю, глыбокай верай і пабожнасцю, любоўю да малітвы, пакорай і прастатой, а найперш шчырым і гарачым прагненнем святасці. З прычыны незвычайнага злучэння ў асобе св. Станіслава маладога ўзросту і сталасці ўнутранага жыцця мы ўшаноўваем яго ў Касцёле як апекуна моладзі, вучняў і студэнтаў.
На бягучым тыдні з нагоды прыпадаючага ўспаміну св. Станіслава Косткі мы будзем адзначаць традыцыйна квартальныя дні малітваў за дзяцей і моладзь, настаўнікаў і выкладчыкаў, выхавацеляў і катэхетаў нашай дыяцэзіі. Праз заступніцтва гэтага вялікага святога будзем узносіць нашы поўныя даверу малітвы да Пана Бога, просячы, каб шчодра благаславіў і адорваў патрэбнымі ласкамі ўсіх, хто распачынае новы навучальны і катэхетычны год. Будзем маліцца аб мудрасці і розуме, стараннасці і трываласці ў вучобе для вучняў і студэнтаў, а таксама аб святле Духа Святога, умеласці і руплівасці для ўсіх, чыім пакліканнем з’яўляецца навучанне і выхаванне маладога пакалення.
З нагоды распачацця навучальнага і катэхетычнага года я вырашыў нагадаць вам, дарагія дыяцэзіяне, аб тым, як важна, каб працэс адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі быў сапраўды ўсебаковы, гэта значыць каб у ім улічвалася таксама духоўнае і рэлігійнае вымярэнне.
Адказнасць за гэта ляжыць найперш на вас, дарагія бацькі. Бо сям’я з’яўляецца першым і найбольш натуральным выхаваўчым асяроддзем. Добра, калі менавіта ў хрысціянскай сям’і дзіця атрымлівае першую перадачу веры: пазнае, што ёсць Бог, вучыцца найпрасцейшым малітвам і асноўнаму зместу катэхізіса, прызвычайваецца да ўдзелу ў нядзельнай святой Імшы і да іншых рэлігійных практык. Таму прашу вас, дарагія бацькі, аб прысвячэнні належнай увагі рэлігійнаму выхаванню вашых дзяцей. Паклапаціцеся аб тым, каб у вашых дамах практыкавалася супольная малітва, наведвайце ўсёй сям’ёй нядзельную святую Імшу, часта размаўляйце са сваімі дзецьмі на рэлігійныя тэмы. Памятайце, што, выхоўваючы сваіх дзяцей у духу веры і хрысціянскай маральнасці, вы ўжо сёння закладваеце фундамент, на якім у недалёкай будучыні будзе збудавана іх дарослае, самастойнае жыццё. Няхай гэты духоўны фундамент будзе сапраўды моцным і трывалым.
Сістэматычная парафіяльная катэхеза, хоць не можа замяніць асноўнай перадачы веры, якая здзяйсняецца ў сям’і, гарманічна яе дапаўняе і паглыбляе. Яна праводзіцца ўпаўнаважанымі катэхетамі паводле адпаведна распрацаваных праграм навучання, прыстасаваных да ўзросту вучняў, каб па меры сталення катэхізаваныя ўсё лепш пазнавалі Божае аб’яўленне, а праз гэта паглыблялі ўласную веру, пабожнасць і асабістую блізкасць з Хрыстом. Таму нагадваю вам, дарагія бацькі, што наведванне сістэматычнай парафіяльнай катэхезы – абавязак усіх дзяцей і моладзі на працягу ўсяго перыяду вучобы ў школе. Занядбанне гэтага абавязку з’яўляецца сур’ёзнай маральнай правіннасцю, якую нельга апраўдаць ні празмернай загружанасцю дзіцяці вучобай у школе, ні неабходнасцю наведваць дадатковыя заняткі, спартыўныя секцыі ці сустрэчы гурткоў па інтарэсах.
Прашу вас таксама, дарагія бацькі, не зводзіць да мінімуму катэхізацыйнага абавязку праз абмежаванне яго толькі так званым “прывядзеннем” дзіцяці да першай споведзі і святой Камуніі.
Перакананы, што ніводзін з вас не жадаў бы сабе, каб заняткі ў школе заключаліся толькі ў навучанні чытаць, пісаць і вырашаць найпрасцейшыя арыфметычныя задачы. Вы правільна чакаеце, што на працягу гадоў вучобы ў школе ваша дзіця атрымае грунтоўныя і ў меру ўсебаковыя веды, якія пашыраць гарызонты яго розуму і зробяць яму магчымым нармальнае функцыянаванне ў нялёгкім дарослым жыцці. Падобна належыць зрабіць усё, каб дзіця, па меры сталення, не было пазбаўлена магчымасці наведвання заняткаў рэлігіі, якія паступова, з году ў год будуць выхоўваць у ім сталага хрысціяніна, які ўсведамляе ўласную веру, вызнаваныя каштоўнасці і маральныя прынцыпы, якія яго абавязваюць. Толькі тады катэхеза цалкам плённая, калі – як падкрэсліваў гэта Ян Павел ІІ – яна “становіцца […] з ранніх гадоў дзяцінства да парогу сталасці пэўнага кшталту пастаяннай школай і спадарожнічае галоўным этапам жыцця, як ліхтар, які асвятляе шлях маленькага дзіцяці, юнака і сталеючага чалавека” (Catechesi Tradendae, 39).
На парозе новага навучальнага і катэхетычнага года жадаю вам, дарагія бацькі, праўдзівага і шчырага клопату аб рэлігійным выхаванні вашых дзяцей, трываласці ў даванні асабістага сведчання веры, гарачага жадання будаваць сямейнае жыццё на грунтоўным фундаменце Хрыстовага Евангелля.
Шаноўныя браты-святары і законныя айцы, паважаныя кансэкраваныя асобы і дарагія свецкія катэхеты! Скіроўваю да вас словы прызнання і ўдзячнасці за руплівасць і адданасць, з якімі вы рэалізуеце кожны дзень місію катэхізацыі маладога пакалення. Гэта заданне асаблівага значэння, якое патрабуе ад катэхета не толькі вялікага інтэлектуальнага высілку, творчых і педагагічных здольнасцяў, але найперш жывой веры, глыбокага жыцця малітвы, праўдзівай і бескарыслівай любові да катэхізаваных і клопату пра іх духоўнае дабро. Жадаю вам усім святла Духа Святога і шчодрасці Божых ласкаў у высакароднай справе выхоўвання сэрцаў і розумаў дзяцей і моладзі.
Прашу таксама вас, дарагія настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы, каб вы, рэалізуючы сваё прыгожае пакліканне, не абмяжоўваліся перадачай вучням і студэнтам выключна ведаў, якіх патрабуе праграма навучання.
Старайцеся развіваць у сваіх падапечных чуласць на ўсё, што добрае, высакароднае і прыгожае, будзьце для іх узорам правільнага жыцця і беззаганных маральных прынцыпаў. Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае вам кожны дзень у рэалізацыі такіх цяжкіх і адказных заданняў.
На заканчэнне звяртаюся да вас, каханыя дзеці і дарагая моладзь! Перад вамі новы навучальны і катэхетычны год. Жадаю вам руплівасці, стараннасці і сумленнасці ў атрыманні навукі ў школе ці іншай навучальнай установе. Жадаю таксама, каб з яшчэ большым запалам і перакананасцю вы наведвалі ўрокі рэлігіі. Няхай пазнаванне Езуса Хрыста і Яго збаўчай навукі будзе для вас праўдзівай патрэбай сэрца, а разам з тым найвялікшай радасцю. Няхай навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, будзе для кожнага з вас часам развіцця ў мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей (пар. Лк 2, 52). Няхай зерне веры, засеянае ў вашых маладых сэрцах на катэхезе, прыносіць самыя цудоўныя плёны на працягу ўсяго жыцця.
Усіх душпастыраў, бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхавацеляў, а таксама дзяцей і моладзь нашай дыяцэзіі даручаю Пану Богу ў Тройцы Адзінаму, мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы нашых сем’яў і заступніцтву св. Станіслава Косткі. Няхай новы навучальны і катэхетычны год будзе плённым і шчаслівым, няхай праходзіць пад знакам Божага благаслаўлення, няхай будзе шчодрым на жаданыя ласкі і дары.
Усіх вас, дарагія дыяцэзіяне, на нястомнае паглыбленне веры і на штодзённую верную рэалізацыю жыццёвага паклікання з сэрца благаслаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 10.09.2019 г.
№ Nr 321/19
Прашу паважаных Пробашчаў і Адміністратараў парафій гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні Пастырскага Лісту ў XXIV Звычайную Нядзелю - 15.09.2019 г.
Версія для друку тут.
Версія на польскай мове тут.