У канцы жніўня на працягу чатырох дзён моладзь з беларускіх парафій, дзе працуюць ксяндзы міхаліты (Мінск, Гатава, Васілішкі, Шылавічы), а таксама з Падароска і Ізабеліна, сустракалася падчас рэкалекцый у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат).
Рэкалекцыі праводзіў кс. Аляксандр Ашмянчук CSMA. Яны мелі назву „Беражыце сябе”.
Час, які маладыя людзі правялі разам, быў Божым часам, напоўненым малітвай, сустрэчамі, канферэнцыямі, паездкай да возера і вячэрнімі гульнямі. У цэнтры гэтых дзён была Эўхарыстыя.
Вось некалькі каментароў наконт рэкалекцый:
Крыстына: „Мне вельмі спадабаліся рэкалекцыі. Я рада, што правяла гэтыя тры дні з Богам. Ксёндз вельмі цікава даваў нам навуку. Я пад уражаннем. У наступным годзе абавязкова таксама прыеду”.
Ганна: „Гэтыя рэкалекцыі адкрылі мне, што ў сваёй малітве я не адна, што нас шмат і мы ўсё робім правільна. Спадабалася тое, што, згодна з тэмай рэкалекцый, мы дбалі пра сябе, але таксама не забываліся пра бліжніх. Мы дапамагалі адно аднаму, усё рабілі разам, як вялікая міхаліцкая сям'я”.
Караліна: „Я вырашыла паехаць, таму што было цікава пабыць на рекалекцыях менавіта міхалітаў. Падчас іх я знаёмілася з падлеткамі з іншых парафій, мы шмат маліліся, разважалі разам. У Шылавічах неспадзявана сустрэла кс. Андрэя і кс. Генадзія, якіх даўно не бачыла. Я ведаю дастаткова, напэўна, добрых святароў з розных ордэнаў, некаторых лічу нават сябрамі, але міхаліцкія ксяндзы (тыя чатыры, якіх я ведаю) для мяне самыя родныя, хоць і такія розныя".
Ганна Трызнюк