25 жніўня, як і штогод у апошнюю нядзелю жніўня, у старажытнай капліцы ў вёсцы Выгаляненты, што ў вішнеўскай парафіі святога Юды Тадэвуша Смаргонскага дэканату, адзначылі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.
Як паведамляе сайт Catholic.by cёлетні фэст сабраў у Выгалянентах каля сотні вернікаў, пераважна старэйшага ўзросту.
На пачатку ўрачыстасці пробашч вішнеўскай парафіі кс. Антоні Казлоўскі сардэчна прывітаў усіх прысутных, і асаблівым чынам святароў, якія прыбылі ў Выгаляненты: ксяндза Юрыя Церабея з Крэва, ксяндза Уладзіслава Сурвілу з Войстама і аднаго з найстарэйшых святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Здзіслава Ведэра SDB са Смаргоні, які ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.
На гэтых землях даўняга Віленскага краю здаўна жылі пераважна католікі — пабожныя людзі, шчыра адданыя Нябеснай Матулі.
Драўляная капліца пад тытулам Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных была пабудавана ў 1767 г. на паўночнай ускраіне вёскі. Зямлю для пабудовы капліцы ахвяравалі мясцовыя землеўладальнікі: паны Невяровічы і Абрамовічы.
Сакральная пабудова была адноўлена ў першай палове XIX ст. і прыпісана да вішнеўскай парафіі Свірскага дэканату. З 1864 г. да 1919 г., калі дзейнасць парафіі пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага была забаронена царскімі сатрапамі, капліца адносілася да касцёла ў Нястанішках.
У 1929 г. старажытную капліцу адрамантавалі. Гэта характэрная для класіцызму пабудова: прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, галоўны фасад вырашаны як чатырохкалонны порцік. У інтэр’еры, перакрытым плоскай падшыўной столлю, усталяваны драўляны алтар у выглядзе порціка з падвоенымі калонамі. Над уваходам зроблены хоры. У алтары змешчаны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, які лічыцца цудадзейным.
Абраз напісаны ва ўсходнім стылі Элеуса — «Замілаванне», і вельмі нагадвае ікону Маці Божай Шкаплернай з Гудагая. Марыя з замілаваннем трымае на руках Дзіцятка Езуса, які пяшчотна туліцца да Яе абедзвюма ручкамі і даверліва прыціскаецца шчакою да шчакі Матулі. Абраз «апрануты» ў срэбныя з пазалотай шаты, а вакол змешчаны шэраг вотаў.
У 80-я гады мінулага стагоддзя хараство драўлянай капліцы схавалася пад белай сілікатнай цэглай, якой абклалі будынак. Калі б не крыж і маленькая вежачка-сігнатурка над уваходам, у ёй з цяжкасцю можна было б пазнаць сакральную пабудову.
Тым не менш вернікі з усяго наваколля вельмі любяць сваю маленькую святыню і штогод збіраюцца тут, каб ушанаваць Маці Божую Суцяшальніцу Засмучаных у Яе цудадзейным абразе з Выгалянентаў.
Частка з іх з крыжам напераде ідзе ў капліцу пешкі. Выходзячы з парафіяльнага касцёла ў Вішневе, людзі па дарозе спяваюць рэлігійныя песні і затрымліваюцца пры кожным прыдарожным крыжы, каб праславіць Збаўцу кароткай малітвай. Гэтая невялікая пілігрымка даўжынёю каля дзесяці кіламетраў з’яўляецца ўнікальнай мясцовай традыцыяй, якую пераймае і захоўвае не першае пакаленне вішнеўскіх вернікаў.
З вёсак, якія знаходзяцца з супрацьлеглага боку парафіі, вернікі прыязджаюць на роварах, утвараючы такім чынам своеасаблівую велапілігрымку. Яны таксама па дарозе моляцца, дзеля чаго пэўны час ідуць пешкі, ведучы ровары побач, і спыняюцца на малітву каля прыдарожных крыжоў.
Фота: Мікола Гракаў, Catholic.by