Лета – незвычайна насычаны час для кожнага маладога чалавека, які няспынна шукае ў сваім жыцці прысутнасці Бога, Яго блізкасці і бясконцай любові. У каталіцкай моладзі гэты перыяд звычайна асацыюецца з магчымасцю ўдзельнічаць у шматлікіх рэлігійных падзеях: пілігрымкі, рэкалекцыі, майстэрні, сумесны адпачынак і г.д., што пакідае незабыўны след у жыцці маладых людзей, спрыяючы іх духоўнаму ўзрастанню і будаванню глыбокіх адносінаў з Богам.
Аднак з 2015 года ў моладзі з'явілася таксама ўнікальная магчымасць дзяліцца гэтым духоўным досведам з бліжнімі праз спевы, танцы, сведчанні на вуліцах Гродна.
У суботу 17 жніўня каталіцкая моладзь горада разам са сваімі душпастырамі сустрэлася каля галоўнай святыні дыяцэзіі – катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, каб супольна праслаўляць Бога спевам і танцам.
Мяне асабіста вельмі моцна ўражвае і захапляе жаданне маладых людзей дзяліцца з іншымі тым, што перапаўняе іх сэрцы. Безліч радасці, якую яны выпраменьваюць, не можа пакінуць абыякавым ніводнага, хто стаў сведкам гэтай Божай дзейнасці ў маладым сэрцы. Ні з чым не параўнальнае пачуццё адзінства, якое пануе падчас такой сустрэчы, настолькі прыцягвае, што вельмі цяжка прайсці міма і не далучыцца да супольнага спеву праслаўлення.
Мяне заўсёды цікавіла тое, якія думкі нараджаюцца ў тых, хто стаіць непадалёк і назірае за гэтай моладзевай акцыяй. Можа, пытанні: “Адкуль жа чэрпаюць маладыя людзі той энтузіязм і запал, якімі так хочацца дзяліцца? Што з'яўляецца для ніх крыніцай той адвагі, якой бы пазайздросцілі многія?” – і іншыя.
Асабіста я адказ на гэтыя пытанні знаходжу ў словах Папы Францішка, які, разважаючы над скарбамі Святога Пісання ў адгартацыі “Christus vivit”, прыходзіць да высновы, што многае ў жыцці маладых людзей становіцца магчымым, дзякуючы еднасці запалу маладосці з моцай Бога.
Ніколі не забуду жнівень мінулага года, калі выйшлі на вуліцы Гродна, каб сведчыць аб той невымоўнай Божай любові, якой Ён няспынна ахінае кожнага з нас. Гэта быў асаблівы час, які яшчэ раз нагадаў мне, як важна ў жыцці шукаць адзінства і дзяліцца сваёй верай.
Цяпер я з упэўненасцю магу сцвердзіць, што незвычайна важнай умовай для таго, каб вера ўзрастала, з'яўляецца моцнае прагненне дзяліцца ёю з іншымі.
Той духоўны ўздым, які мы атрымліваем падчас такога роду евангелізацыі, пабуджае нас запрасіць таксама кожнага, хто хоча ў гэтыя апошнія дні лета акунуцца ў атмасферу сапраўднага адзінства, любові і дабрыні, якім так шчодра нас адорвае Бог.
Яўген Амасёнак