У апошнія пяць дзён маляўнічы куток беларускага Панямоння, аграгарадок Парэчча, ператварыўся ў сапраўдны горад Марыі. Адбылося гэта дзякуючы "канікулам з Богам", якія адбыліся тут з 11 па 15 жніўня.
Дзеці і малодшая моладзь адправіліся да касцёла, каб разам перажыць духоўную сустрэчу. Для ўдзельнікаў адпачынку быў створаны "горад Марыі", у якім Маці Божая Нястомнай Дапамогі – галоўная Апякунка парэчанскай святыні – была вельмі рада вітаць хлопцаў і дзяўчат.
Асноўнай тэмай рэкалекцый быў заклік “Дай мне сваё сэрца, Марыя”, праз які маладыя жыхары Парэчча паспрабавалі разам з Марыяй знайсці шлях да Бога Айца і прысвяціць сваё жыццё Найсвяцейшай Панне Марыі і Яе Беззаганнаму Сэрцу. Прысвячэнне адбылося ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, калі дзеці і моладзь прамовілі акт аддання і прысвячэння Маці Божай. Відавочным знакам гэтага ўчынку сталі запаленыя свечкі, якія былі пастаўлены да фігуркі Маці Божай як сімвал запаленых сэрцаў для нябеснай Каралевы. Падрыхтоўка да гэтай цэнтральнай падзеі рэкалекцый праходзіла праз сустрэчы ў групах, дзе дзеці розных узростаў разважалі над Евангеллем паводле Лукі і яшчэ глыбей пазнавалі сэрца Марыі, поўнае ўдзячнасці, павагі, ахвярнасці і гасціннасці.
Акрамя таго, удзельнікі маглі падзяліцца меркаваннямі, адказваючы на пытанні аніматараў, і бліжэй пазнаёміліся са святым Максімільянам Кольбэ – апекуном Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама кожны дзень прымалі ўдзел у святой Імшы, ружанцовай малітве і ўшанаванні гадзіны Божай Міласэрнасці. Дзякуючы казанням мясцовага пробашча ксяндза Паўла Урбана яны змаглі стаць яшчэ на крок бліжэй да неба.
Трэба адзначыць, што час рэкалекцый быў не толькі магчымасцю духоўнага ўзрастання, але меў і творчы накірунак. Дзеці паўдзельнічалі ў “Полі цудаў”, квэсце, прысвечаным сямі ўчынкам міласэрнасці, а таксама віталі гасцей з Сапоцкіна, з якімі мелі супольную малітву, канферэнцыю, пасілак і гульню ў футбол, якія садзейнічалі адзінству паміж дзецьмі з розных парафій. На трэці дзень пачала працу тэатральная майстэрня. Як у сапраўдным тэатры, там былі розныя напрамкі дзейнасці: касцюмеры, грымёры, рэквізітары, рэжысёры-пастаноўшчыкі, літрэдактары, піяр-мэнэджэры і акцёры. Кожны мог выбраць сабе функцыю адпаведна свайму жаданню і зацікаўленасці. Падрыхтоўка працягвалася тры дні, а вынікам сталі два тэатральныя прадстаўленні. Малодшыя дзеці паказалі пастаноўку пад назвай "Перамена сэрца", а старэйшыя – "Езус прыйдзе".
"Горад Марыі" ў Парэччы наведала каля 70 дзяцей ад 5 да 16 гадоў з самога Парэчча, Новай Руды і нават з Гродна. Гэта быў асаблівы час, прысвечаны Богу і Марыі, які дазволіў кожнаму "жыхару" гэтага "горада" ўмацаваць адносіны з Богам і адпачыць, не толькі дыхаючы свежым парэчанскім паветрам, але і ўбіраючы ў сябе шмат чысціні, адкрытасці і Божай прысутнасці, якімі можна будзе падзяліцца пасля канікул са сваімі сябрамі і бліжнімі.
Аніматар Фія