Mаладыя людзі, якія ідуць вуліцамі горада і ціха моляцца Ружанец, сотні святароў, якія спавядаюць па некалькі гадзен у дзень, тысячы святых Камуній, якія прымаюцца падчас Імшы, шматлікія навяртанні, цішыня адарацыі – толькі некаторыя элементы, якія сведчаць пра феномен Меджугор’я.
Пра гэтую маленькую мясцовасць, якая знаходзіцца паміж гарамі ў Босніі і Герцагавіне, стала вядома 38 гадоў таму, калі шэсць чалавек спазналі аб’яўленні Маці Божай. З гэтага часу Меджугор’е стала месцам пілігрымавання амаль двух з паловай мільёна чалавек кожны год.
З феноменам Меджугор’я пазнаёмілася ў гэтым годзе група пілігрымаў Гродзенскай дыяцэзіі, якая прыбыла туды пад апекай кс. каноніка Антонія Грэмзы, кс. Андрэя Каўшука, кс. Дзмітрыя Папенюка і кс. Марка Занеўскага.
Маладыя людзі нашай дыяцэзіі прынялі ўдзел у XXX Фестывалі моладзі “Младзіфэст”, які сёлета з’яднаў у супольнай малітве каля 50 тысяч удзельнікаў з больш чым 80 краін. Фестываль адбыўся пад дэвізам “Ідзі за Мной”.
З 1 па 6 жніўня ў межах фестывалю пілігрымы маглі слухаць катэхезы, сведчанні аднагодкаў з усяго свету, пабачыць евангелізацыйную драму ў выкананні гурта Cenacolo, удзельнічаць у штодзённай Эўхарыстыі, малітве Ружанца, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовым шляху падчас уваходу на гару Крыжэвац.
Юліяна Седзянеўская з Гродна, якая ўдзельнічала ў сустрэчы, прызнаецца, вярнуўшыся дадому, што чакала ад Марыі благаслаўлення, апекі і дапамогі ў сваіх просьбах. “Прыехаўшы ў гэтае месца, адчувала спакой, сцішанасць, радасць у душы: у Меджугор’і ў гэтыя дні панавала хатняя атмасфера. Кожны дзень быў чымсьці новым для мяне”, – кажа дзяўчына.
Па словах Юліяны, больш за ўсё яе кранула, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пажылыя людзі, маленькія дзеці, моладзь – усе ідуць да Марыі праз перашкоды, а менавіта горы, каб атрымаць адказ на пытанні, просьбы і падзякаваць за Яе прысутнасць у сэрцах.
Юліяна таксама пабывала на гары аб’яўленняў Маці Божай, дзе Марыя ўпершыню аб’явілася 25 чэрвеня 1981 г.
“Адчувалася, што гэтае месца прасякнута малітвамі, падзякамі і просьбамі. Было вельмі цікава, што пры пад’ёме ў гару Крыжэвац быў звычайны горны пах, але пры пад’ёме ўверх да крыжа адчуваўся пах ружаў, хоць яны там не растуць, для мяне і для многіх гэта было прыемным цудам”, – дадае дзяўчына.
Юліяна кажа, што больш за ўсё спадабалася слухаць сведчанні. “Кожнае сведчанне было прасякнута сваёй гісторыяй. Больш за ўсё мяне закранулі сведчанні маладой сям’і з Харватыі і маладога чалавека з Кітая, якія сапраўды напоўнены слязьмі, цяжкасцямі, але нарэшце радасцю і цудамі”, – адзначае яна.
Дзяўчына прызнаецца, што, прыехаўшы ў Гродна, сапраўды адчула ўмацаванне веры, пачала штодзённа маліцца Ружанец і што Марыя дапамагла ёй знайсці сваё пакліканне ў жыцці. Ад Меджугор’я ў яе засталіся самыя лепшыя, цёплыя, шчырыя ўспаміны.
Яшчэ адна ўдзельніца форуму, Сабіна Дзякун, пасля сустрэчы ў чарговы раз, як кажа, адчула, што Бог яе любіць, нягледзячы на тое, які чалавек ёсць.
“Падчас знаходжання ў Меджугор’і я прасіла Марыю аб ласцы, каб адчуць Яе прысутнасць. І Яна дала мне гэтую ласку. Я так ясна адчула Яе прысутнасць, што мяне проста збівала з ног, слёзы з’явіліся на вачах і прабеглі дрыжыкі па целе, я зразумела: Марыя тут”, – распавядае дзяўчына.
Па яе словах, тады яна зразумела, што Найсвяцейшая Маці глядзіць на яе і хоча ўдзельнічаць у яе жыцці. “Яна побач, так моцна абдымае мяне і неверагодна любіць. Гэтыя адчуванні назаўсёды застануцца ў маёй памяці і маім сэрцы”, – кажа Сабіна.Удзельніца сустрэчы падсумоўвае, што Меджугор’е – сапраўды святое месца, якое кранае да глыбіні душы. “Ранейшым ты адтуль не вернешся, гэтае месца змяняе цябе і тваё жыццё. Любоў нашай нябеснай Мамы вялікая!” – дадае Сабіна і адзначае, што важна памятаць пра гэта і пусціць Марыю ў сваё жыццё, даверыцца Богу, і будзеш шчаслівы, бо Езус чыніць цуды.
Kс. Юрый Марціновіч