26 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі касцёл). У гэты дзень ён таксама разам з парафіянамі дзякаваў Богу за 30-годдзе біскупскага прызначэння.
Іерарха прывітаў пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханько, які выказаў радасць з таго, што Мітрапаліт узначаліў сёлетнюю адпустовую ўрачыстасць. Святар падкрэсліў, што ў гэты дзень асабліва хоча маліцца за арцыбіскупа Тадэвуша аб ласцы здароўя для яго.
У гаміліі іерарх засяродзіўся на асобе св. Ганны – маці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Ён адзначыў, што ў іканаграфіі св. Ганна прадстаўлена з Марыяй на каленях і перад імі раскрытае Святое Пісанне. Гэта знак таго, што Ганна вучыла сваю дачку пазнанню Божага слова і малітве. Праз некалькі гадоў пасля нараджэння Марыя была ўведзена ў Ерузалемскую святыню, дзе мела шмат магчымасцяў, каб удасканальвацца ў духоўным жыцці. Яна бачыла пілігрымаў, людзей, якія маліліся, вучылася вырабу літургічнага адзення. Калі настала паўната часу, перад Марыяй у Назарэце з’явіўся арханёл Габрыэль і абвясціў, што яна выбрана стаць Маці Збаўцы. “І Марыя не падвяла. Яна згадзілася з Божай воляй”, - дадаў арцыбіскуп.
“30 гадоў таму св. Ян Павел II спытаў мяне, ці прымаю я прызначэнне быць біскупам, - узгадаў іерарх. – Пасля малітвы я сам сабе адказаў, што калі Бог, які прамаўляе праз Папу, гэтага хоча, то няхай так будзе. Абвяшчэнне майго прызначэння біскупам адбылося 25 ліпеня ў Гудагаі. Учыніў гэта пробашч бернардынскага касцёла святой памяці кс. інфулат Міхал Арановіч”. У гэтым касцёле, дадаў арцыбіскуп, ён шмат маліўся ў маладосці, туды любіла прыязджаць яго маці Ганна, асабліва на адпуст сваёй нябеснай апекункі.
Постаць св. Ганны, заўважыў іерарх, нагадвае пра абавязак малітвы, каб атрымаць адпаведныя ласкі ад Бога, і абавязак выхавання маладога пакалення, бо дзеці наследуюць сваіх бацькоў.
“Праблема духоўнай фармацыі моладзі з’яўляецца вельмі актуальнай. На жаль, сёння яе фармуе не сям’я, не школа і не ўніверсітэт, а інтэрнэт. Менавіта ён валодае душамі маладых людзей. Там можна знайсці шмат добрага, але адначасова і злога. Трэба ўмець адрозніць зло ад дабра. А для гэтага неабходна адпаведнае духоўнае выхаванне”, - падкрэсліў арцыбіскуп.
Ён пажадаў шматлікім прысутным вернікам, асабліва бацькам, бабулям і дзядулям, апекі св. Ганны ў выхаванні дзяцей і ўнукаў, каб яны заўсёды згаджаліся з Божай воляй.
На заканчэнне ўрачыстасці вернікі выказалі Мітрапаліту сардэчныя віншаванні, жадаючы, каб ён і далей у моцы Духа Святога вёў Касцёл на Беларусі і быў яскравым знакам для сучасных хрысціян.
JM