Апоўначы Імшу пастэрку ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які сёлета адзначае трыццацігоддзе біскупскай сакры.
Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй са свечкамі праз мястэчка Тракелі.
На Імшы сабралося шмат вернікаў, якія прыбылі пакланіцца Божай Маці і прадставіць Ёй свае просьбы.
У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзііі Казімір Вялікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Прасіць аб веры для сем’яў
Вітаючы сабраных, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прысутнасць столькіх пілігрымаў з нашай краіны і з замежжа, якія прыбылі пешшу і транспартнымі сродкамі, з’яўляецца выразам веры і прывязанасці да Каралевы, якой сем’і так многім удзячныя.
“У гэтым месцы адчувалі сябе бяспечна папярэднія пакаленні вернікаў – нашы продкі, якія пакінулі нам вялікую спадчыну і велізарны скарб веры”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў вернікаў углядацца ў мацярынскі позірк Марыі, поўны надзеі, даверу і клопату пра кожнага чалавека, і падчас сёлетніх урачыстасцяў прасіць найперш аб жывой веры для сучасных сем’яў.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што за 25 гадоў існавання санктуарый у Тракелях стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але таксама далёка за яе межамі. Ён падкрэсліў, што з моманту абвяшчэння мясцовай святыні санктуарыем сталася шмат цудаў духоўнага адраджэння людзей і ацалення сем’яў, аб чым ведае толькі Бог i аб чым сведчаць шматлікія пілігрымкі, канферэнцыі, сустрэчы, якія адбываюцца ў гэтым месцы, і асабістыя гісторыі паасобных людзей і сем’яў.
Старшыня епіскапату Беларусі заўважыў, што сярэбраны юбілей санктуарыя – гэта добры час падзякаваць Богу за шматлікія ласкі, добрая нагода ацаніць Яго дзейнасць з мэтай удасканалення. Гэта таксама нагода прасіць благаслаўлення на новы час.
Затым арцыбіскуп разважаў над роляй сям’і ў сучасным свеце і асабліва падкрэсліў, што сёння трапляе ва ўпадак хрысціянскае разуменне сям’і, якая перажывае розныя крызісы.
“Сучасны свет крытыкуе і не ўспрымае маральныя прынцыпы, якія мы атрымалі ад Бога. У імкненні да абсалютнай і безадказнай свабоды ён хоча верыць у такога бога, які выконвае яго пажаданні, а не ў Бога, які стварыў свет, яго збавіў і пакінуў яму свой маральны кодэкс як правіла будавання шчаслівага жыцця на зямлі і шлях да шчаслівай вечнасці”, – сказаў іерарх.
Eвангелле павіння змяняць людзей
Як адзначыў арцыбіскуп, людзі сёння забываюць тую прынцыповую праўду, што Евангелле iм дадзена не для таго, каб яго змяняць, а для таго, каб яно iх змяняла.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу, што сярод найбольш трывожных прабем сучаснасці знаходзіцца праблема сям’і. “Сям’я з’яўляецца асноўнай клеткай грамадства і яго падмуркам. А калі няма падмурка ці ён слабы, то будынак грамадства нетрывалы”, – дадаў ён.
Іерарх заўважыў, што крызіс Богам створанага інстытуту сям’і, як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства, пагаршаецца непашанай да жыцця.
“Выкарыстоўваючы сучасныя дасягненні генетыкі, ім маніпулююць, яно становіцца таварам, яго можна прадаць, набыць ці бяскарна забіць ва ўлонні маці”, – сцвердзіў арцыбіскуп.
Новай праблемай, аб якой яшчэ некалькі гадоў ніхто нават не ведаў, ён назваў распаўсюджванне гендарнай ідэалогіi, a таксама парнаграфіi, што вельмі негатыўна ўплывае на выхаванне маладога пакалення.
У выніку такой палітыкі Еўропа і наша краіна, дадаў арцыбіскуп, перажывае дэмаграфічны і маральны крызіс.
“Перад абліччам крызісу Богам заснаванага інстытуту сям’і, мы ўсе – веруючыя, людзі добрай волі, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі – не маем права закрываць вочы на праблемы сям’і. Яе неабходна неадкладна ратаваць, бо заўтра можа быць позна. Трэба памятаць, што заўтра распачынаецца сёння”, – падкрэсліў старшыня епіскапату.
Ратаваць сучасныя сем’і
Як сказаў арцыбіскуп, асаблівая роля ў ратаванні сям’і належыць веруючым людзям, але не дастаткова толькі дэклараваць сваю веру і ў той жа час не згаджацца з вучэннем Касцёла ў справе Богам устаноўленага інстытуту сям’і, практыкі абортаў, антыканцэпцыі, аднаполых шлюбаў, парнаграфіі.
“Быць веруючым азначае выракацца зла ва ўсіх яго праяўленнях і абставінах нашага жыцця і жыць паводле прынцыпаў Евангелля. Не дастаткова вызнаваць веру толькі вуснамі. Яе трэба практыкаваць у штодзённым жыцці”, – нагадаў іерарх.
Ён звярнуўся таксама з рашучым заклікам да заканадаўчых уладаў, каб у законатворчым яны працэсе ўлічвалі Божае права і беларускую хрысціянскую традыцыю.
Удзельнікі літургіі маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, каб у кожным доме мог валадарыць Езус Хрыстус, a хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая