Распачаўшы 8-ы дзень пілігрымавання св. Імшой разам з маладзечанскай пілігрымкай, паломнікі ў 30-кіламетровы шлях. Напачатку дня адбыўся хрост: тыя, хто першы раз ідзе з Ліды ў Будслаў, склалі прысягу пілігрыма і былі ахрышчаныя дырэктарам пілігрымкі.
Разам з а. Яўгенам Эйсмантам SAC паломнікі далей разважалі пра грэх: "Калі ты маеш любоў да Бога, нават самы салодкі грэх не зможа цябе спакусіць. А пасля здрады самым цяжкім грахом з'яўляецца абыякавасць да праблем другога чалавека". Духоўны кіраўнік дадаў, што чым больш веры мае чалавек, тым больш цемры вакол яго.
Пасля абеду адбылося набажэнства Крыжовага шляху. Разважаючы Муку Езуса Хрыста, пілігрымы па чарзе неслі крыж, спыняючыся на стацыях.
Скончыўшы набажэнства, крыж усталявалі каля мінулагодніх крыжоў і праз пацалунак аддалі яму пашану.
Апошнія кіламетры пілігрымы не шлі, а танцавалі. Прыліў сіл быў абумоўлены блізкасцю да Маці Божай - да Будслаўскай святыні засталося ўсяго 8 км.
Яна Чайко