6-ы дзень пілігрымкі распачаўся св. Імшой у касцёле Св. Юзафа ў Маладзечна. Падзякаваўшы мясцовым парафіянам за гасціннасць, пілігрымы вырушылі ў свой самы доўгі шлях - 37 км у дзень.
Падчас падарожжа паломнікі гарэлі пад сонцам, хаваліся ад дажджу і супрацьстаялі ветру.
Пасля абеду былі падведзены вынікі інстаграм-конкурсу на лепшы фатаздымак. Усе удзельнікі атрымалі пачастункі.
Падчас канферэнцыі а. Яўген Эйсмант SAC звярнуў увагу на тое, што калі чалавек не адчувае любоў, то ён пачынае грашыць, каб адчуць штосьці прыемнае.
І дадаў: "Бог дае нам столькі дароў, а мы страчваем іх для свайго задавальнення".
"Фішкай" дня стала "спаўненне мараў". Кожны меў магчымасць прадставіць адно сваё жаданне, якое дырэктар пілігрымкі абяцаў споўніць. Сабраўшыся на заканчэнне дня ў Любанскай школе, распачаўся наш вечар: нехта атрымаў штосьці смачнае, хтосьці спяваў і танцаваў, бо аб гэтым марыў бліжні ў пілігрымцы. Адным з жаданняў было "хачу, каб усе пілігрымы ўвечары елі кавуны". І мы сапраўды іх елі!
Нягледзячы на стомленасць пасля цяжкага дня, увечары былі і танцы, і спевы, і смех да слёз. Скончыўся вечар супольным спевам "Алілуя" і малітвай, пасля чаго частка пілігрымаў разышлася па хатах, а палова скарысталася з адчыненых дзвярэй школы і засталася там на начлег.
Засталося толькі тры дні шляху і 60 км. Сілы і радасць пакуль не пакідаюць, а пілігрымковы дух палае у сэрцах.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк