Skip to main content

Kрамяніца: малітва за кс. Станіслава Петраша ў 25-годдзе яго смерці

kramianica 3329 чэрвеня ў парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлага былога пробашча кс. Станіслава Петраша з нагоды 25-й гадавіны пасля смерці.

Эўхарыстыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, стала нагодай для ўсёй парафіяльнай супольнасці падзякаваць Богу за святарскае служэнне і за духоўную апеку былога душпастыра. Таксама гэта была нагода да малітвы аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

На пачатку моладзь разам з дарослымі прадставілі слоўна-музычнае выступленне пра службу святароў, атуляючы асаблівай малітвай святой памяці кс. Станіслава. Між іншым прагучалі такія словы: „Будучы людзьмі веруючымі, не паддаемся роспачы, што адыходзяць з гэтага свету блізкія нам людзі, у некаторых няма бацькоў, некаторыя бацькі пахавалі дзяцей, адыходзяць у вечнасць нашыя родныя, блізкія, суседзi”.

kramianica 21

Вернікі ўспаміналі добрым словам спачылага святара, дзякуючы Богу, што паставіў яго на шляху іх жыцця.

Пасля кс. Віталій Сідорка, які паходзіць з гэтай парафіі, прыгадаў біяграфію кс. Станіслава. Жыццё памерлага святара было поўнае цяжкасцяў і ў той жа час паслухмянае волі Божай.

У гэты дзень у святыню прыйшло шмат вернікаў. Прысутнічалі святары, якія паходзяць з гэтай парафіі, а таксама з суседніх парафій. Усе разам скіроўвалі просьбы да Бога, каб Езус, Найвышэйшы Святар, прыняў кс. Петраша ў Нябеснае Валадарства.

С. Аўгустына Белагрывая CSC