30 червеня ў Смаргонi ў касцёле св. Міхала Арханёла падчас святой Імшы, з якой удзельнікі салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымкі распачалі свой шлях да Мацi Божай Будслаўскай, малады брат Юрый Пашкавец SDB прыняў вечныя манаскія абяцанні.
Як паведаміў партал sdb.by, семінарыст склаў манаскія абяцанні на рукі рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.
На супольную малiтву прыехалі сябры і родныя маладога салезiянiна, каб раздзяліць ягоную радасць.
Вечныя манаскія абяцанні з’яўляюцца адным з найважнейшых момантаў у жыцці духоўнай асобы, якая жадае прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню Богу і людзям. Брат Юрый назаўсёды звязаў сябе абяцаннямі чыстасці, убоства і паслухмянасці. Перад гэтым адказным крокам малады салезіянін тры дні правёў у Гудагаі ў супольнасці братоў кармэлітаў, удзельнiчаючы ў рэкалекцыях і перажываючы малітоўную падрыхтоўку.
У гаміліі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB звярнуўся да маладога сабрата са словамі айцоўскага настаўлення. Рэгіянальны настаяцель звярнуў увагу прысутных на словы сённяшняга Евангелля, а таксама падкрэслiў розніцу стаўлення да паклікання ў Старым і Новым Запаветах.
Святар адзначыў, што пакліканне з'яўляецца не чым iншым, як пілігрымаваннем да дому нябеснага Айца. Ён дадаў, што прынесеныя братам Юрыем вечныя абяцанні з'яўляюцца бачным сведчаннем актуальнасці салезіянскай харызмы ў сучасным свеце. Таксама святар раскрыў сутнасць і вартасць абяцанняў, якія той складае.
На завяршэнне ксёндз дэлегат задаў усім прысутным тры пытанні: "Калі не я, то хто? Калі не цяпер, то калі? Калі я жыву выключна для сябе, то хто я тады такі?" Гэтыя пытаннi варта задаваць сабе кожнаму, варта не баяцца адказаць голасу Бога ў сваiм сэрцы "так". Але таксама варта памятаць, што паклiканне не датычыцца толькi кансэкраванага жыцця, хтосьцi паклiканы да сямейнага жыцця, хтосьцi – да жыцця ў адзiноце.
Перад усімі пілігрымамі і сабратамі малады салезіянін зачытаў прысягу, напісаную ўласнай рукой, у якой паабяцаў захоўваць абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці праз усё жыццё ў салезіянскім таварыстве.
Таксама брат Юрый атрымаў з рук ксяндза дэлегата салезіянскі крыж, які зараз будзе насіць як знак пастаяннай прыналежнасці да салезіянскага таварыства.
Юрый Пашкавец SDB, прыняўшы вечныя манаскія абяцанні, распачаў новы этап у салезіянскім таварыстве. Заклікаем усіх да малітоўнай падтрымкі маладога салезіяніна на шляху паклiкання.