13 чэрвеня ў парафіі Божага Цела ў Дварцы (Дзятлаўскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць св. Антонія Падуанскага.
Па запрашэнні пробашча кс. Віктара Захарэўскага ўрачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які роўна 30 гадоў таму, 13 чэрвеня 1989 г., цэлебраваў у мясцовым касцёле першую святую Імшу.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тры падзеі, якія сабралі вернікаў у дварэцкай святыні.
Па-першае, адзначыў ён, гэта свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара. Гэтае свята заахвочвае больш уважліва ўгледзецца ў твар Хрыста Святара, які здзяйсняе праз зямных святароў свае сакрамэнты. Гэта свята, якое запрашае маліцца аб новых пакліканнях і за пакліканых. Біскуп нагадаў вернікам пра іх адказнасць шанаваць святароў і маліцца за іх.
Па-другое, гэта, па словах іерарха, парафіяльнае свята св. Антонія, вельмі вядомага і шанаванага ўсімі. Біскуп прыгадаў гісторыю яго жыцця і дзейнасці на італьянскай зямлі, а таксама ягоную дапамогу з неба жыхарам нашай зямлі.
Па-трэцяе, дадаў іерарх, гэта цудоўны дар падзякі Пану Богу за магчымасць 30 гадоў свабодна маліцца ў адчыненай святыні, якую саветы пры Хрушчове забралі разам з плябаніяй пад медыцынскія патрэбы. З плябаніі і салезіянскага араторыя зрабілі шпіталь, а будынак касцёла выкарыстоўвалі як склад і стайню для шпітальнага каня.
Біскуп успомніў, як людзі стараліся адрамантаваць знішчаную святыню, а таксама заахвоціў маладое пакаленне шанаваць свой касцёл.
Як прыклад ён прывёў сітуацыі на Піншчыне, дзе ў некаторых месцах толькі год або два, як улады аддалі вернікам касцёльныя будынкі.
На заканчэнне літургіі пасля працэсіі і спеву гімну Te Deum моладзь падзякавала першаму пробашчу парафіі і сваім продкам за сённяшнюю святыню, а таксама павіншавала біскупа з імянінамі.
Свята сабрала шмат дзяцей з розных ваколіц і парафій. Традыцыйна ўжо 30 гадоў на фэсце ў Дварцы ім удзяляецца благаслаўленне, што сёлета зрабіў біскуп, раздаўшы ім маленькія крыжыкі, благаслаўленыя папам Францішкам.
Парафіяне разам з пробашчам удзячныя Богу за ўрачыстасць, а таксама выказваюць падзяку духоўным асобам, якія прыбылі на яе: біскупу Антонію Дзям’янку, кс. Чэславу Ладыка з Пінска, кс. Паўлу Рудзьману з Баранавіч, кс. Яну Балтрукевічу і кс. Юрыю Жэгарыну з Навагрудка.
Кс. Віктар Захарэўскі
Фота: Юрый Аблажэй