Skip to main content

Біскуп Станеўскі ўдзельнікам Парафіяды: амаладзіце наш Касцёл

staneuski 6014 чэрвеня, чацвёрты і апошні дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, пачаўся святой Імшой у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.

Цэлебраваў літургію ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае і арганізуе гэты моладзевы форум, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, іерарх падкрэсліў, што Касцёл з вялікай надзеяй глядзіць на іх, бо ад іх залежыць наша сёння і заўтра.

Біскуп адзначыў, што моладзь сваім энтузіязмам і верай павінна несці новы дух у супольнасць, імя якой Касцёл. “Не трэба ўтвараць новага Касцёла, але сваёй прысутнасцю і жыццём даць яму новы подых, дух і ўчыніць яго маладым”, – дадаў ён.

Біскуп выказаў словы глыбокай і шчырай падзякі тым, хто ўзяў на сябе адказнасць за падрыхтоўку гэтай сустрэчы. Найперш падзяка была скіравана кс. Артуру Малафею, які шмат гадоў з вялікай руплівасцю і асабістым запалам арганізуе Парафіяду; затым усяму арганізацыйнаму камітэту і валанцёрам – духоўным і свецкім, якія ўключыліся ў гэтую справу, прысвячаючы свой час, сілы, уменні і энергію для супольнага дабра.

Асаблiвым чынам іерарх падзякаваў дзецям і моладзі, удзельнікам Парафіяды, без якіх гэтая цудоўная iнiцыятыва не мела б сэнсу.

Узгвадваючы пра сутнасць Парафіяды, якая заснавана на старажытнагрэчаскай трыядзе “святыня — тэатр — стадыён”, біскуп пажадаў, каб маладыя людзі менавіта праз гэтыя рэчы ўмацоўвалі сваю веру і імкнуліся да жыцця ў ласцы Божай, будучы сведкамі Езуса Хрыста ў сваім асяроддзі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аліна Пяценка