Трэці дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 13 чэрвеня, распачаўся святой Імшой у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
На малітве сабраліся ўдзельнікі гэтай сустрэчы, каб даверыць чарговы дзень Парафіяды Пану Богу. Маліліся таксама ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле.
На заканчэнне Імшы святары, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў апошні час – вікарый парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне кс. Эрнэст Мікалайчык і вікарый парафіі Святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы кс. Раман Вайцяховіч, – удзялілі ўсім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аліна Пяценка