12 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) распачаліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў гонар св. Антонія Падуанскага. Больш за пяць стагоддзяў святы ўшаноўваецца шматлікімі мясцовымі вернікамі за цуды, учыненыя праз яго заступніцтва.
Святую Імшу Пастэрку ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які паходзіць з гэтай парафіі і з самага дзяцінства звязаны духоўна са св. Антоніем, пра якога даведаўся найперш ад сваіх бацькоў і бабулі. Кожны раз, калі сям’я Кандрусевічаў прыходзілa ў касцёл, заўсёды спачатку ішлі маліцца да алтара св. Антонія.
Як адзначае сам арцыбіскуп, культам св. Антонія ён прасякнуўся менавіта ў адэльскай парафіі, дзе яго дзяцінства прыпала на гады ганенняў на веру, калі ў мястэчку доўгі час не было святара. Аднак на адпуст у гонар св. Антонія вернікі заўсёды дабіваліся ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дазволу, каб прыехаў ксёндз з іншай парафіі.
На сёлетняй Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія парафіяне, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, a таксама вернікі з Гродна, якія ў гэтым годзе ўпершыню прыбылі сюды ў арганізаванай пілігрымцы.
Усіх прывітаў пробашч парафіі кс. Віталій Внароўскі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў арганізатарам пешай пілігрымкі з Гродна, яе ўдзельнікам і жыхарам Адэльска, якія прымаюць пілігрымаў. Ён дадаў, што для яго асабіста вельмі важна і прыемна, што ўпершыню здзяйсняецца такая пілігрымка на яго “малую радзіму”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсе мы з'яўляемся пілігрымамі ў дом нябеснага Айца.
“У гэтую жыццёвую пілігрымку ўключаюцца і пілігрымкі да святых месцаў. Магчыма, што першая пілігрымка да абраза св. Антонія распачне добрую традыцыю падобных пілігрымак у будучыні”, – сказаў іерарх.
Арцыбіскуп падкрэсліў сэнс пілігрымавання і яго духоўнае вымярэнне, дадаўшы, што пілігрымка – гэта не турыстычны паход, а малітоўнае падарожжа да святых месцаў i адзін са спосабаў новай евангелізацыі.
“У пілігрымку мы ідзём са сваімі інтэнцыямі, але адначасова нясём Евангелле іншым людзям”, – адзначыў ён.
Па словах арцыбіскупа, св. Антонія таксама можна назваць пілігрымам, бо ён быў вандроўным прапаведнікам, якога збіраліся паслухаць шмалікія вернікі. “Яго казанні былі настолькі моцнымі, што навярталіся грэшнікі і ерэтыкі. Менавіта таму св. Антонія называлі молатам для грэшнікаў і адступнікаў ад веры”, – дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Гамілію іерарх завяршыў малітоўным заклікам: “Святы Антоні, выпрасі нам і асабліва моладзі ў Бога ласку навяртання і моцнай веры, каб мы былі яе сведкамі і гэтым самым неслі яе учаснаму свету, каб свет паверыў і на фундаменце веры будаваў цывілізацыю любові і жыцця”.
Пасля Імшы ў скверы каля касцёла адбылася працэсія з абразом св. Антонія і свечкамі.
Kс. Юрый Марціновіч