Skip to main content

Святыя місіі прайшлі ў парафіях ў Каменцы і Дзембрава

swiatyja misii 46З 2 па 9 чэрвеня ў парафіях Св. Антонія Падуанскага ў Каменцы і Святой Тройцы ў Дзембрава прайшлі святыя місіі.

Айцы рэдэмптарысты а. Валерый Мазюк CSsR і а. Анджэй Ядкоўскі CSsR на працягу 8-мі дзён дапамагалі парафіянам і пробашчу адчуць Божую любоў праз унутранае навяртанне. Дапамагалі адшукаць адказы на турбуючыя пытанні адносна веры.

Святыя місіі збіралі шматлікіх вернікаў на супольную малітву і разважанне Божага Слова. Місіянеры разам з парафіянамі вялі размову на тэмы: “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус - мой Пан” і іншыя. Айцы наведалі таксама вернікаў у Мількаўшчыне, а таксама жыхароў Дома Міласэрнасці.

swiatyja misii 37

Праграма місій прадугледжвала дзень пакуты, калі пробашч ляжаў крыжам каля алтара, перапрашаючы Бога за грахі касцёльнай супольнасці. Таксама святар прасіў прабачэння ў парафіян за ўласныя правіны, што выклікала слёзы на вачах сабраных.

Падчас святых місій сужанцы парафіі мелі магчымасць аднавіць шлюбныя абяцанні. Хворыя вернікі былі ўмацаваныя сакрамантам намашчэння хворых.

У апошні дзень перад касцёлам быў асвечаны крыж у памяць аб святых місіях - відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную дату ў гісторыі парафій. Вернікі, трымаючы ў сваіх руках прынесеныя з дамоў крыжы з верай вызнавалі, што гаспадаром іх жыцця з'яўляецца Хрыстос.

„Не бойцеся крыжа!”, – гэтыя словы прамовіў місіянер, які заклікаў усіх сабраных мець адвагу ў кожным месцы і ў кожны час рабіць знак крыжа, тым самым вызнаючы сваю веру і даючы сведчанне прыналежнасці да Касцёла.

На завяршэнне вернікі атрымалі благаслаўленне ад айцоў рэдэмптарыстаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святых місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Святога Айца.

На заканчэнне вернікі падзякавалі а. Анджэю і а. Валерыю за праведзеныя духоўныя практыкаванні і дапамогу ў крочанні да Неба.

Апошні раз святыя місіі ў парафіяльнай супольнасці ў Каменцы праходзілі ў снежні 1989 года, таму для парафіян гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Аб місіях у парафіі Дзембрава звестак не захавалася.

Кс. Андрэй Кевлюк