11 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пачалася 11-я Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Cустрэча, якая складаецца з трыяды “святыня – тэатр – спорт”, праходзіць пад дэвізам “Сям’я — дарога Касцёла”. На сёлетнюю Парафіяду прыбыло больш за 400 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Упершыню ў ёй удзельнічае група з Котласа — горада ў Архангельскай вобласці Расіі, якая пераадолела больш за 2 тыс. км, каб прыбыць у горад над Нёманам.
Адкрываючы Парафіяду, ксёндз Артур Малафей, яе дырэктар і адказны за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі, прывітаў усіх удзельнікаў, а таксама тых, хто падтрымлівае гэтае мерапрыемства матэрыяльна.
Распачалася Парафіяда святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў, што гэтая сустрэча адбываецца тады, калі Каталіцкі Касцёл у Беларусі перажывае Год сям’і, пра што таксама ўзгадвае дэвіз гэтага мерапрыемства.
“Гэта вы – сям’я гэтай Парафіяды. На ёй вы вучыцеся будаваць адносіны, перадаваць адзін аднаму веру і ўзаемны клопат”, – дадаў іерарх.
Затым адбылося ўрачыстае адкрыццё сустрэчы: у святыню быў унесены сцяг Парафіяды і прачытана спецыяльная малітва.
Парафіяда завершыцца 14 чэрвеня. Яна будзе ўключаць разнастайныя спартыўныя, музычныя і тэатральныя конкурсы, а таксама конкурсы біблейскіх ведаў і ведаў з гісторыі Касцёла. Кожны дзень будзе пачынацца святой Імшой і заканчвацца вячэрняй малітвай.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аліна Пяценка