9 чэрвеня ў гродзенскай парафіі на Альшанцы адсвяткавалі ўрачыстасць Спаслання Святога Духа.
Св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Гамілію прамовіў кс. кан. Валерый Быкоўскі, які ў дадзены момант выконвае паслугу ў Канадзе. Па запрашэнні пробашча кс. Паўла Салабуды, святар, знаходзячыся на вакацыях, прыбыў у мясцовую парафію, каб звярнуцца да сабраных з Божым Словам.
Кс. Валерый адзначыў, што парафіяльная капліца з’яўляецца сёння тым месцам, дзе дзейнічае Святы Дух. “Будзьце вольныя ад граху і адкрыйцеся на Божую ласку. Не бойцеся перамен, якія прыносіць Святы Дух”, - заклікаў святар.
Маладым сем’ям кс. Валерый пажадаў большай адказнасці ў выхаванні дзяецей і моцнай веры.
Затым адбылося прыняцце пяці новых міністрантаў у літургічную службу алтара. Пад апекай кс. Андрэя Белаблоцкага хлопцы рознымі спосабамі рыхтаваліся да гэтай урачыстай хвіліны.
Падчас Эўхарыстыі новыя міністранты перад біскупам Юзафам і ўсімі прысутнымі склалі абяцанні заўсёды быць вернымі Хрысту і Яго Касцёлу, і атрымалі комжы і пасведчанні міністранта.
На заканчэнне св. Імшы кс. Павел Салабуда падзякаваў усім сабраным і пажадаў, каб іх сэрцы напаўняліся натхненнем Святога Духа.
С. Вікторыя Галуза