27-28 мая адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Яна прайшла ў рэкалекцыйным доме пры санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Сустрэча была прысвечана катэхезе ў душпастырскім служэнні Касцёла.
У межах сустрэчы кс. Ян Сарэла, мадэратар, адказны за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, выступіў з канферэнцыяй “Катэхетычнае служэнне святара”. Прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко выступіў з лекцыяй “Езус Хрыстус – найлепшы Катэхет. Катэхетычная дзейнасць Настаўніка. Паспяховыя і няўдалыя катэхезы Езуса”. Пасля адбылася дыскусія.
Прэфект семінарыі ўказаў на розныя формы і сродкі катэхезы, якую вёў Езус, а таксама адзначыў, што няўдачы ў катэхетычнай дзейнасці не трэба ўспрымаць як нешта негатыўнае. Па словах святара, няўдача з’яўляецца найперш вынікам супрацьстаяння кожнага катэхета з тым, што ў ім “цёмнае”, складанае. Гэта сустрэча тварам у твар з уласнымі комплексамі і перашкодамі. Таксама гэта ўсведамленне, колькі яшчэ ў нас пыхі, агрэсіі, недахопу талерантнасці і прыняцця іншых людзей. Ужо толькі гэтага, як адзначыў кс. Лішко, дастаткова, каб лічыць няўдачы Божым благаслаўленнем.
Практычная частка сустрэчы была прысвечана тэме “Інтэрнэт для катэхезы – шанц ці пагроза?”.
На заканчэнне сустрэчы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў важнасць паглыблення духоўнага жыцця і выхавання святарскай культуры.
Kс. Юрый Марціновіч