23 мая, у 28-ю гадавіну біскупскай сакры, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Іерарх узначаліў у святыні Імшу падзякі за ласкі, атрыманыя ад Бога на працягу ўсіх гадоў свайго біскупскага служэння. Падчас Эўхарыстыі ён маліўся за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, уключаючы святароў, сясцёр законных, семінарыстаў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Як падкрэсліў біскуп на заканчэнне Імшы, ён прыбыў у гэтае святое месца з патрэбы ўласнага сэрца, каб выказаць удзячнасць Маці Божай за ўсе дары, якія сталі яго ўдзелам, а таксама дзякаваць за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на шляху яго пастырскага служэння.
Біскупу спадарожнічалі сёстры законныя, якія кожны дзень служаць у Гродзенскай курыі. Да малітвы далучыліся кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі і айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк, якія ў гэты час праводзяць Святыя Місіі ў тракельскай парафіі.
Папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Аляксандра Кашкевіча першым біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі 13 красавіка 1991 г. Біскупскае пасвячэнне адбылося 23 мая 1991 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Кс. Юрый Марціновіч