19 мая ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) група дзяцей упершыню прыступіла да святой Камуніі. Першы раз запрасілі Пана Езуса ў сваё сэрца больш за сто дзяцей.
Урачыстую Імшу ў святыні, напоўненай, акрамя дзяцей, іх бацькамі, хроснымі і блізкімі, узначаліў пробашч парафіі кс. Аляксандр Раманоўскі.
Падчас Імшы дзеці пасля двухгадовай падрыхтоўкі аднавілі абяцанні хросту, якія давалі іх бацькі падчас гэтага сакрамэнту. Таксама як дзеці Божыя, асвечаныя Хрыстом, яны выракліся граху і вызналі веру, у якой былі ахрышчаны.
На заканчэнне ўрачыстасці дзеці выказалі словы ўдзячнасці тым, хто рыхтаваў іх да гэтай надзвычай важнай у іх жыцці хвіліны. Яны падзякавалі душпастырам, катэхетам, сваім бацькам і ўсім, хто захацеў падзяліць з імі радасць іх сустрэчы з Езусам у святой Камуніі. Умацаваныя благаслаўленнем Бога ў Тройцы Адзінага, яны перажываюць зараз свой “белы тыдзень”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Фалееў